Сёлетняй вясной назiраецца бадай самая моцная хваля падаражання кватэр на другасным рынку Мiнска, а таксама ў абласных цэнтрах i нават у невялiкiх гарадах. Згодна з iнфармацыяй дырэктара Беларускай асацыяцыi «Нерухомасць» Мiкалая Прасталупава, гэта сiтуацыя назiраецца зараз на фоне iстотнага скарачэння агульнай колькасцi прапаноў i часам ажыятажнага попыту.

Ва ўсiх агенцтвах нерухомасцi сталiцы адзначаюць вельмi хуткае даражанне ўсiх вiдаў кватэр. Толькi за апошнiя 20 дзён аднапакаёвыя кватэры падаражэлi мiнiмум на 3—6 тысяч долараў. Згодна з таблiцамi статыстыкi рэспублiканскага каталога, у красавiку сталiчныя кватэры даражэюць з дынамiкай 22—50 долараў кошту квадратнага метра за тыдзень.

Зараз сярэднi кошт аднапакаёвых кватэр у сталiцы дасягнуў 67 820 долараў, а цана квадратнага метра жылля агульнай плошчы стала 1979 долараў. Самыя танныя, слабенькiя па плошчы i якасцi малыя кватэры каштуюць ужо 56—57 тысяч долараў. Кошт «квадрата» ў двухпакаёвай кватэры стаў 1750—1800 долараў, а сярэднi кошт такога жылля — 87 500 долараў. Трохпакаёвыя кватэры ў Мiнску даражэюць з тэмпам 30—35 долараў у тыдзень за квадратны метр. Сярэднi кошт такiх кватэр зараз дасягнуў амаль 117 тысяч долараў, а квадратны метр агульнай плошчы роўны 1730 долараў. Прыкметай часу сталiчнага рынку жыллёвай нерухомасцi стала павелiчэнне прапановы i попыту пакояў у звычайных кватэрах. Сёння такiя пакойчыкi каштуюць ужо сама меней 25—26 тысяч долараў.

Паводле iнфармацыi дырэктара РУП «Дзяржаўнае агенцтва нерухомасцi» г. Вiцебска Уладзiмiра Кабанава, за апошнiя 3 месяцы аднапакаёвыя кватэры падаражэлi на 8—10 тысяч долараў. Яшчэ ў студзенi старыя «хрушчоўкi» ў пяцiпавярховых дамах каштавалi 18—19 тысяч, а зараз такое жыллё прапануецца за 25—26 тысяч долараў. Iстотна падаражэлi кватэры палепшанай планiроўкi ў адносна новых дзевяцiпавярховых дамах. Кватэра агульнай плошчай 38 квадратных метраў каштуе зараз 32—33 тысячы долараў. Двухпакаёвыя кватэры падаражэлi яшчэ мацней. Старыя «хрушчоўкi» з 23 тысяч «паляцелi» да 33—35 тысяч долараў, а кватэры палепшанай планiроўкi агульнай плошчай 48—50 квадратных метраў сталi прапаноўвацца ўжо за 45 тысяч долараў. Сёння ў гэтым абласным цэнтры iстотна паменшылася колькасць невялiкiх кватэр, якiя прапануюцца на продаж. Шмат варыянтаў па якасных кватэрах увогуле здымаюцца з рэкламы на продаж. Уладальнiкi такога жылля збiраюцца пачакаць яшчэ адной хвалi падаражання.

Разам з тым, зараз у горадзе i прыгарадзе павялiчыўся попыт на асобныя жылыя дамы i катэджы, якiя пачалi прадавацца больш актыўна.

У Брэсце жыллёвая нерухомасць працягвае даражэць, пачынаючы з восенi мiнулага года. З пачатку года кошт аднапакаёвых кватэр павялiчыўся прыкладна на 7—8 тысяч долараў. Такiя кватэры тут каштуюць сама меней 35 тысяч i больш. Кошт квадратнага метра невялiкага па плошчы жылля дасягнуў 1000—1100 долараў. Двухпакаёвыя кватэры тут каштуюць ад 42 да 53 тысяч долараў. Амаль без вялiкiх праблем магчыма адшукаць не вельмi дарагiя трохпакаёвыя кватэры, якiя ў старых дамах на крайнiх паверхах прапануюцца за 57—58 тысяч долараў. Звычайны кошт крыху лепшых трохпакаёвак дасягае 62—65 тысяч долараў.

Кiраўнiк дзяржаўнага агенцтва па аказанню рыэлтарскiх паслуг г. Брэста Антон Вайтовiч адзначае, што попыт на маленькiя кватэры ў горадзе над Бугам сёння ажыятажны. Аднапакаёвая кватэра, пры ўмове «чыстага» продажу па прымальнай цане атрымлiвае новага гаспадара ўжо праз некалькi дзён. Спецыялiсты жыллёвай нерухомасцi гэтага абласнога цэнтра лiчаць, што кватэры будуць даражэць нават летам, бо iстотна павялiчыўся кошт будаўнiцтва несацыяльнага жылля. Будаўнiкi камерцыйнага жылля прапануюць сёння будаваць кватэры, дзе квадратны метр агульнай плошчы будзе каштаваць 850—900 долараў, аднак «квадрат» у пабудаваных новабудоўлях прадаецца зараз за 1070 долараў.

Цэны на сацыяльнае жыллё для чаргавiкоў i надалей будуць кантралявацца дзяржавай. Гэтыя цэны сёння напалову нiжэйшыя за рынкавыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?