26 красавіка ад 14 да 16 гадзіны па тэлефоне (+375‑212) 23‑50‑56 адбудзецца прамая лінія з галоўным архітэктарам Віцебску Барысам Лядэнкам, зладажаная рэдакцыяй газеты «Віцьбічы». Усе ахвотныя могуць пацікавіцца планамі будаўніцтва гораду, даведацца пра праекты новых аб’ектаў.

Вялікую занепакоенасць у грамадскасці Віцебска выклікаюць новыя забудовы ў цэнтры горада: каля амфітэатру, насупраць «Сіняга дома» і парку імя Фрунзэ. Пытанні выклікаюць як і архітэктурныя рашэнні, так і тое, што большасць аб’ектаў будуць размешчаныя на тэрыторыі, якая ўяўляе сабой гістарычную і археалагічную каштоўнасць і павінна ахоўвацца дзяржавай.

Найбольш спрэчак выклікае будаўніцтва забаўляльнага цэнтру «Дан» у парку імя Фрунзэ побач з плошчай Свабоды. Грамадскія актывісты, вернікі і шэраг святароў занепакоеныя тым, што гэты аб’ект будуецца ў непасрэднай блізкасці ад месца, на якім стаяў Мікалаеўскі сабор (пабудаваны як каталіцкі касцёл святога Язэпа). Эколагі лічаць, што знішчэнне адзінага парку ў цэнтры горада, побач з ажыўленым перакрыжаваннем, прывядзе да значнага пагаршэння экалагічнага становішча.

Створаная ў «Жывым журнале» супольнасць «Захаваем Віцебск» прапануе патэлефанаваць Барысу Лядэнку і задаць яму вострыя пытанні пра захаванне гістарычнай і культурнай спадчыны гораду. Пытанні можна даслаць і раней на адрас газеты «Віцьбічы», або перадаць па тэлефоне (+375‑212) 37‑61‑62.

Сяржук Серабро, Народныя навіны Віцебску


Макет забудовы каля «Сіняга дому» ў цэнтры Віцебску
Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна