Сёньня ў Менскім турэмным шпіталі хлопцу дазволілі сустрэцца з бацькамі.

Лідэра «Маладога фронту» паклалі ў шпіталь на абсьледаваньне з шклоўскай калёніі, дзе яго прымушалі працаваць на лесапільным участку, хоць яму балела сьпіна.

Вось што распавяла маці актывіста Вольга Дашкевіч пра сустрэчу з сынам:

«Выглядае нішто сабе. Усьміхаецца. Нічога асаблівага не расказваў. Пыталася ў яго, ці ня лепш тут кормяць, чым у шклоўскай турме. Ён толькі ўсьміхнуўся і сказаў: «Ага, хаця б яно не было лепшым!»

А вось стаўленьне мэдычнага пэрсаналу тут сапраўды лепшае ў параўнаньні са шклоўскім. Яму паставілі дыягназ остэахандроз і ў нядзелю, 28 красавіка, павязуць назад у Шклоў.

Мяркую, павінны перавесьці з гэтай цяжкай працы на больш лёгкую. Ня можа быць, каб яны, гледзячы на такі дыягназ, пакінулі яго на той самай працы. Турма турмой, але ж і там таксама людзі».

Нагадаем, Зьміцер Дашкевіч пакараны на паўтара году зьняволеньня за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Лідэр «Маладога фронту» знаходзіцца за кратамі болей за дзевяць месяцаў.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?