Камэнтар Рэдакцыі.

Расея разьвіталася зь першым за сваю шасьцісотгадовую гісторыю дэмакратычна абраным кіраўніком. Пахавала даволі абыякава. Лічаныя тысячы людзей прыйшлі разьвітацца з былым кумірам. Не параўнаць з тым, як беларусы хавалі Быкава.

Тое, што Ельцын быў першым прэзыдэнтам у краіне, якая раней ведала толькі абсалютных манархаў і генсекаў, многае тлумачыць як у абыякавасьці разьвітаньня, так і ў манеры кіраваньня таго, каго адпявалі. Аднак чаму Ельцын, які мог лёгка перавесьці ўсё да звыклага працягу папулісцкай тыраніі, як тое зрабілі некаторыя ягоныя калегі, выбраў, урэшце, іншы шлях?

«Якая сіла вяла клясычнага савецкага мэнэджэра, тыповага рэгіянальнага партработніка, які меў грубаватыя манеры практыка‑гаспадарніка з вытворчага раману, да таго, каб зьмяніць краіну, уклад якой здаваўся непарушным і вечным? Зьбег абставінаў, інтуіцыя, сэрца?» — задае пытаньні расейскі камэнтатар Андрэй Калесьнікаў.

Больш чым выпадак, інстынктыўная прага ўлады ці эмоцыя, думаю, Ельцына вяло цьвёрдае, вынашанае перакананьне. Ягоны дзед быў раскулачаны, бацька рэпрэсаваны, сам Ельцын, як сотні савецкіх людзей, здолеў вырваць для сябе вышэйшую адукацыю толькі таму, што прыхаваў сямейную біяграфію. Дзяцінства, першы выхад у людзі, жыцьцёвыя ўнівэрсытэты, як сфармуляваў Горкі, тры пункты, якія фармуюць сьветапогляд назаўжды.

Такія, як Ельцын, былі ў кампартыі, нават сакратарамі, бо была ў іх энэргія і розум, а дарога да самарэалізацыі, а часам проста самазахаваньня, ішла праз партыю. Яны прымалі правілы гульні, але ведалі: вось паўпраўда, прапаганда, а тое — чысты падман. А вось гэтае: раскулачаны дзед, рэпрэсаваны бацька, бяспраўнае юнацтва ёсьць праўдай савецкае гісторыі. Таму Ельцын з палёгкай прайшоў праз пераацэнку каштоўнасьцяў і пры першым выпадку паквітаўся зь бесчалавечнай сыстэмай, ад якой так пацярпела ягоная сям’я.

Сьветапогляд Ельцына быў сфармаваны ягоным сямейным вопытам, але і той адукацыяй, якую ён атрымаў, і грамадзтвам, да якога належаў. Рэформы Ельцына кантраставалі з рэформамі Гаўла настолькі, наколькі розьніліся грамадзтва Расеі й Чэхіі і адукацыя лідэраў, выштурхнутых наверх хваляй перавароту. І, на выхадзе з рэформаў, багацьце сям’і Гаўла і багацьце сям’і Ельцына.

...Празь некалькі гадзінаў пасьля сьмерці першага прэзыдэнта Расеі ў сталіцы Беларусі затрымалі чатырох хлопцаў і адну дзяўчыну. Быццам бы яны расклейвалі налепкі «Чарнобыльскага шляху» на мосьце між Маскоўскім і Кастрычніцкім раёнамі («як многа гавораць мне назвы такія»). А можа ўвогуле нічога не расклейвалі, а проста гучна жартавалі на беларускія тэмы. Так бы мовіць, нецэнзурна лаяліся. Штатная сытуацыя нашых дзён. На наступны дзень самы гуманны на сьвеце судзьдзя Ш. праштампаваў прысуды: па сем сутак. Так выйшла, што я ведаю адну з затрыманых — бялявую Сьвятлану П., будучую мэдсястрычку, ведаю, хоць і завочна яе немаладую, спрацаваную маму, брата, які вымушаны быў кінуць працу і правесьці два дні каля суду і ізалятара.

Працуючы ў адным з апошніх бастыёнаў беларускай свабоды і пераезьдзіўшы паўкраіны, ведаю сотні такіх сьветлых юнакоў, расклейшчыкаў і хуліганак. Хтосьці зь іх — Кастусь, Алесь ці тая самая Сьвятлана, выпускнікі акрэсьцінскага, а часам, на жаль, валадарскага, шклоўскага ўнівэрсытэтаў — гадоў праз 20—30 узначаляць нашу краіну. У гэтым я бачу вялікі шанец беларускай нацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?