Рэпартаж Анатоля Клешчука з Столінскага раёну.

На трэцi дзень Вялiкадня ў Альманах адзначаюць «сяток» — так па‑мясцоваму завецца прастольнае свята, дзень асвячэння царквы. Сёлета, калi верыць адной з захаваных у храме дат, свята адбылося сто дзевятнаццаты раз. З навакольных столiнскiх вёсак прыехалi бацюшкi, два падлеткi‑прыслужнiкi бiлi ў званы i большасць альманцаў, пераважна старэйшага ўзросту, бiтком напоўнiлi вялiкае памяшканне драўлянай царквы. Потым быў традыцыйны хросны ход. Цiкавы факт: у самых вядомых беларускiх выданнях па гiсторыi i архiтэктуры няма нiякiх звестак пра гэты храм — нi ў двух тамах (рускiм i беларускiм) «Зборы помнiкаў гiсторыi i культуры Беларусi» 1984, 1990 гг., нi ў iлюстраваным каталозе «Праваслаўныя храмы Беларусi» 2001 г., нi ў энцыклапедыi «Гiсторыя Беларусi» 1993 г. Быццам царквы наогул не iснуе. Насамрэч гэты храм — адзiн з самых добразахаваных помнiкаў драўлянага дойлiдства на Палессi. У час вайны, калi вёска была ўшчэнт спаленая, царква засталася не пашкоджанай. Айцец Сергiй, якi нядаўна прызначаны настаяцелем, мяркуе, што акупантаў уразiў выдатны жывапiс роспiсу i абразоў на алтары, i знiшчаць гэткую прыгажосць нават iм было шкада.

I на трэцi дзень Вялiкадня мужчыны ўсiх узростаў працягваюць своеасаблiвыя спаборнiцтвы на мацнейшае велiкоднае яйка i, сабраўшыся ў цэнтры каля клуба цi крамы, яны голасна гамоняць, б’юцца яйкамi. Летась аднаму альманцу пашчасцiла сваiм «мацаком» пабiць пад сотню яек.

Не абыходзяцца такiя сустрэчы без вясёлых гармонiкаў з бубнамi, а спрэчкi могуць завяршыцца i высвятленнем адносiнаў. Нездарма ж у паловы вёскi прозвiшча Буян. I ў «сяток» альманцы не дбаюць нi пра свае агароды, нi пра журавiнавыя балоты. Здаецца, што iх зусiм не хвалюе i радыяцыйная небяспека, якую дваццаць адзiн год таму прынёс сюды вецер з Чарнобыля. Вёска аказалася адною з самых забруджаных у Столiнскiм раёне. I хоць гэтая трагiчная акалiчнасць якраз i стала галоўнай прычынай змянення векавых традыцый i звычаяў, сацыяльных умоў i ўкладу жыцця, шмат чаго цiкавага i самабытнага тут усё роўна захавалася.

— Дзiўнаю была сёлетняя зiма — вельмi ягадная, — кажа Праскоўя Палукошка, загружаючы ў прыбор дазiметрычнага кантролю чарговую пробу журавiн для выяўлення ўзроўню цэзiя.— Упершыню зiмою так часта праводжу кантролi». Некалькi гадоў медсястра альманскага ФАПа Праскоўя Палукошка з’яўляецца адначасова i радыеметрыстам‑дазiметрыстам, вядзе назiраннi за накапленнем радыяцыi ў прадуктах харчавання, i асаблiва ў дзiкарослых грыбах i ягадах. Бясснежная цёплая зiма дазволiла альманцам збiраць журавiны амаль круглы год. Журавiны — гэта асноўны iх заробак. У бязмежных балотах яшчэ шмат непатаптаных месцаў, а ягада была вельмi буйная. На жаль, мала месцаў, чыстых ад радыяцыi. Хто сумленны, перад тым як здаваць ягады, нясе iх да Праскоўi праверыць.

— Але такiх толькi палова вёскi, — зазначае Паша. — Другой палове альманцаў усё роўна, што яны спажываюць цi збiраюць, якое малако п’юць iх дзецi. Яно i зразумела: дваццаць гадоў мiнула пасля аварыi на ЧАЭС, псiхiка людзей стала больш стабiльнай. Але радыяцыi ж не паменела.

Дазiметрычны кантроль з’явiўся ў Альманах дзякуючы мiжнароднай праграме СОRЕ — супрацоўнiцтву па рэабiлiтацыi забруджаных зямель. З 2001‑га па 2006 год у Альманы раз на квартал прыязджалi французы — супрацоўнiкi гэтага праекта. Акрамя замераў радыяцыi ў глебе, яны вучылi насельнiцтва адаптавацца да складаных умоў, культуры паводзiнаў i гiгiены, земляробству, атрыманню чыстага харчавання i дроў, дапамагалi маладым мацi засвоiць правiлы правiльнага кармлення немаўлят.

Альманскiя балоты спрадвеку былi для тутэйшых цi не адзiным месцам здабычы сродкаў iснавання: грыбы, рыба, дзiкая жывёла, мёд, чарнiцы сунiцы. Па журавiны яны могуць iсцi пешшу па калена ў багне за 20 кiламетраў.

— Збiраць журавiны для нас не праблема, праблема вынесцi iх з балота, — кажуць наперабой працавiтыя альманцы. — За дзень кожны тут можа сабраць па 20—25 кiло, але прайсцi з гэткiм цяжарам па купiнах i вадзе дзесятак‑другi кiламетраў па сiлах не кожнаму.

— За адзiн студзень на журавiнах я зарабiў на «Жыгулi», — расказаў мне дужы мужчына гадоў пяцiдзесяцi каля царквы ў час свята. — Больш я на шабашкi не езджу, бо лепей нiдзе не зараблю.

Дакладнай даты з’яўлення Альманаў i паходжання гэтай назвы не iснуе. Не дапамаглi ў пошуках i даўнiя раскопкi. Мясцовы краязнавец, настаўнiк гiсторыi Аляксандр Дамашчук недзе «адкапаў», што першае ўпамiнанне пра Альманы адносiцца да 1472 года. Нiбыта гэтыя мясцiны дужа шанавалi для паляванняў Радзiвiлы, а насялялi не прыгонныя, а вольны i беглы люд з буйным норавам. Мо таму i прозвiшча карэннага насельнiцтва — Буян. Яшчэ да 1939 года на балотах стаяў паляўнiчы радзiвiлаўскi дом, за якiм вёўся нагляд. Аляксандр Дамашчук знайшоў звесткi, што на пачатку ХIХ стагоддзя ў Альманах было каля 100 падворкаў, у 1872 годзе з’явiлася школа, а царква прыйшла ў непрыгоднасць.

— Значыць першая царква была вельмi старая, — робiць выснову настаўнiк.

Родам жа настаўнiк не з самiх Альманаў — з Мярлiнскiх хутароў. У 1953‑м бацькi пераехалi спачатку ў Давыд‑Гарадок, потым у Расiю. У сям’i было 10 дзяцей. Ды i ў iншых сем’ях не менш нашчадкаў гадавалася.

— Мярлiнскiя хутары ўзнiклi як землi асаднiкаў у перыяд з 1923‑га па 1928 год (калi з’явiлася мяжа з Польшчаю) — для ўмацавання мяжы. Зразумела зямлю набывалi тут даволi танна, — з захапленнем распавядае альманскi краязнаўца. — «А вось час знiкнення хутароў — 1961—1962 гг., калi ствараўся славуты авiяцыйны палiгон Варшаўскай садружнасцi.

У тыя часы i знiклi вёскi Храпуны, Колкi, а на ўскраiне Альманаў з’явiўся пасёлак з перасяленцаў — Вялле. Перавозiлi ж людзей i хаты, i складалi iх нанова салдаты. Палiгон хоць i спынiў iснаванне, але ўсё яшчэ захоўвае процьму ваеннай тэхнiкi, а здараецца, i снарадаў. А вёска па‑ранейшаму дзелiцца на дзве часткi: Альманы i Вялле. I двое могiлак стаяць — для Буяноў i астатніх. У царкве, на вяселлях цi ў клубе перасяленцы дагэтуль трымаюцца асобна, крыху ззаду.

Першая дарога да Столiна была пракладзена толькi ў 1983 годзе. Да гэтага суткi‑двое даводзiлася дабiрацца да райцэнтра: лодкамi, коньмi, паромам, зноў коньмi. Адзiная 12‑кiламетровая дарога праз балоты была да Перабродаў — украiнскай вёскi. Гэта цяпер памiж населенымi пунктамi пралягла мяжа, а раней раднейшых за перабродцаў у альманцаў нiкога не было.

— У тыя часы з Альманаў рэдка хто выязджаў, i колькасць жыхароў дасягала амаль двух тысяч, — кажа старшыня СВК Уладзiмiр Петравец. — У 1971 годзе быў пiк нараджальнасцi — 70(!) дзяцей. У рэдкiм выпадку парадзiх вазiлi ў райцэнтр.

Пасля Чарнобыля iснаванне вёскi стаяла пад пытаннем, яно i зразумела — забруджванне месцамi дасягае 15 кюры. Многiя маладыя сем’i не вытрымалi псiхалагiчнай нагрузкi, перасялiлiся. Хацела з’ехаць i Праскоўя. I нават не ведае, цi добра, што не з’ехала. У альманскiх сем’ях цяпер па 1—2 дзiцяцi. У год па 5—6 шлюбаў. Летась тут з’явiлася 16 маленькiх альманцаў. Не так, як раней, зразумела, але ўсё роўна святару працы хапае. Прыблiзна па столькi i адпявае ён штогод. Пасля Чарнобыля ў вёсцы пабудавана вялiкая сучасная школа, выдатны ФАП, дзiцячы садок, кожнае лета дзецi адпачываюць у беларускiх санаторыях i ездзяць за мяжу — у Iталiю, Германiю i Францыю. Клопат пра сябе жыхары адчуваюць штодзень.

...На сяток альманцы ядуць таўпеню i крупнiк, трыбух, крышаны, сыраватку, клёцкi з малаком i кiсель журавiнавы. I абавязкова сушаныя ўюны. За сталом яны любяць спяваць i ўзгадваць даўнiя часы. Яны радуюцца жыццю, i ў марах кожная гаспадыня ўяўляе свой журавiнавы куточак на вялiкiм бяскрайнiм балоце. Без гэтага, хай сабе i радыяцыйнага балота, нiхто тут не ўяўляе свайго жыцця.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?