Лідэр цэнтрысцкага «Саюзу за французскую дэмакратыю» Франсуа Байру, які заняў трэцяе месца ў першым туры прэзыдэнцкіх выбараў з 18% галасоў, адмовіўся падтрымаць кагосьці ў другім туры.
За прэзыдэнцтва змагаюцца кандыдатка сацыялістаў Сэгалена Руаяль (26% галасоў у першым туры) і лідэр народнікаў Нікаля Сарказі (31%).
25 красавіка Байру заявіў, што ня будзе заключаць саюз ні з адным з кандыдатаў. Байру дэкляраваў пра стварэньне новага палітычнага аб’яднаньня — Дэмакратычнай партыі.
Напярэдадні Руаяль прапанавала Байру месца ў будучым урадзе, калі толькі ён падтрымае яе ў выбарчай кампаніі.
Пакуль большыя шанцы на перамогу мае, безумоўна, Сарказі.





