Раніцай у 10 гадзін Барыс Хамайда выставіў пікет у цэнтры Віцебску, каля ўваходу ў краму, якая месціцца ў «Сінім доме». Звычайна гэтым месцы Барыс Ханонавіч распаўсюджвае незалежную прэсу. Сёння ж ён усталяваў невялічкі звон з плакатам «Памінальны звон па ахвярах Чарнобыля», у які раз‑пораз званіў.

Аднак амаль адразу на месца пікета прыбылі міліцыянты, а праз некаторы час і супрацоўнікі палка міліцыі спецыяльнага прызначэння. Таксама з’явілася шмат невядомых асобаў у цывільным, якія спрабавалі блакаваць журналістаў і закрывалі аб’ектывы фотааппаратаў. У 10:16 Барыса Хамайду пагрузілі ў міліцэйскі мікрааўтобус і павезлі ў Чыгуначны РАУС Віцебска.

Па апошніх звестках Барыса Хамайду асудзілі на 2 сутак адміністратыўнага арышту.

Сяржук Серабро

У жалобнай акцыі, якую сёння правёў Барыс Хамайда, варта адзначыць адзін адметны момант. Апазіцыянер падчас сваёй акцыі стаяў спіной да вітрыны крамы «Веста». І якраз у той час, калі ён біў у жалобны звон па ахвярах Чарнобыля, служачыя крамы вывешвалі за шклом плакат са словамі «Віншуем са святам!». Было бачна, што яны вельмі імкнуліся прыгожа аздобіць вітрыну: старанна драпіравалі чырвоную тканіну, папраўлялі плакат…

Няцяжка здагадацца, что гэты «дэкор» прымеркаваны да набліжаючагася дзяржаўнага Свята працы, што адзначаецца 1 траўня. Канешне ж, у думках супрацоўнікаў крамы не было нічога дрэннага. Але ж віншавальны плакат і жалобны звон для старонніх назіральнікаў выглядалі жахлівым дысанансам. Калі не сказаць — здзекам… Адна дзяўчына прайшла міма, тады вярнулася і сфатаграфавала гэта на мабільнік. У сучасных беларускіх рэаліях часта суседнічаюць катастрофы і святы, трагедыі і ўрачыстасці.

Яшчэ да затрымання Барыс Хамайда так патлумачыў сэнс сваёй акцыі: «Я хачу нагадаць людзям, што Чарнобыль ёсць і сёння, нягледзячы на тое, што прайшоў 21 год. Тым больш, што зараз гавораць аб будаўніцтве новай АЭС, у нас — у Беларусі, хоць мы яшчэ не ліквідавалі наступствы той катастрофы».

У гэты ж дзень над затрыманым адбыўся суд. Ягоны вырак за невядома якую правіну — двое сутак у ізалятары часовага ўтрымання.

Яна Ільіна

Тэкст і фота — Народныя навіны Віцебску

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0