20 красавіка

Самім брыдка стала
Крымінальная справа ў дачыненьні да Анджэя Лісоўскага закрытая. Нагадаем, 29 кастрычніка 2006 г. у яго аўтамабілі, якім зь Вільні вярталася не прызнаная ўладамі лідэрка Саюзу палякаў Анжаліка Борыс, мытнікі знайшлі невядомы парашок. Начальнік Гарадзенскай рэгіянальнай мытні Юры Сянько заявіў, што гэта амфэтамін. Падазраваным у кантрабандзе наркотыкаў быў прызнаны А.Лісоўскі. Цяпер сьледчы КДБ Алег Грыневіч паведаміў, што Лісоўскі можа забраць машыну, якая знаходзілася на стаянцы УКДБ. Таксама ён паведаміў, што крымінальная справа супраць Лісоўскага спыненая, але па факце кантрабанды наркотыкаў сьледзтва ідзе. Лісоўскі кажа, што ў аўто замест новага акумулятара апынуўся чужы і стары.

Справа шасьці
Баранавіцкі актывіст незарэгістраванага «Маладога фронту» Яраслаў Грышчэня стаў сёмым сябрам «МФ», супраць якога пачалі крымінальную справу за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Справы супраць Насты Палажанкі, Аляксея Янушэўскага, Барыса Гарэцкага й Зьмітра Хведарука знаходзяцца ў судзе Савецкага раёну Менску. Заведзеная справа й на Алега Корбана. Лідэр «МФ» Зьміцер Дашкевіч адбывае пакараньне ў Шклоўскай калёніі.

Суд пакінуў безь зьмяненьняў
Магілёўскі абласны суд адхіліў апэляцыю моладзевага актывіста Антона Ўсьцімчука. 2 красавіка Ленінскі райсуд даў яму 7 сутак арышту паводле арт.17‑1 КаАП (дробнае хуліганства). Маладзён быў затрыманы напярэдадні Дня Волі. Працэс вяла судзьдзя Лілія Гурыновіч.

Леванеўскаму вярнулі рэчы
Лідэру прадпрымальнікаў Валер’ю Леванеўскаму вярнулі канфіскаваныя рэчы. 12 сакавіка аўтамабіль Леванеўскага быў затрыманы супрацоўнікамі ДАІ па дарозе ў Менск на мітынг прадпрымальнікаў. Фотаапарат, дыктафон, мэгафон, аўтаномны генэратар і іншыя рэчы Леванеўскага і Васільева, якія знаходзіліся ў машыне, канфіскавалі без тлумачэньняў і належнага афармленьня. Так і не вярнулі копіі звароту сп.Леванеўскага ў Адміністрацыю прэзыдэнта і Савет міністраў, якія палічылі за ўлёткі.

У абарону «Маладога фронту»
На цэнтральных вуліцах Менску, у пераходах, каля станцыяў мэтро й грамадзкага транспарту зьявіліся ўлёткі з заклікам спыніць рэпрэсіі супраць актывістаў «МФ» і партрэты маладафронтаўцаў, якіх судзяць.

Флэш‑моб у падтрымку Клімава
У Менску прайшоў флэш‑моб у падтрымку Андрэя Клімава. Дзесяць маладых людзей сабраліся на плошчы Якуба Коласа і прайшлі да гандлёвага цэнтру «Імпульс» з партрэтамі арыштаванага палітыка, раздалі мінакам улёткі зь біяграфіяй Клімава. Ніхто ня быў затрыманы.

Моладзь бунтуецца
Актывісты моладзевага руху «Бунт» зьбіралі ў цэнтры Менску подпісы і раздавалі ўлёткі супраць законапраекту пра скасаваньне льготаў. У іх гаварылася, што ўрад зьбіраецца скасаваць ільготны праезд у грамадзкім транспарце для студэнтаў і школьнікаў, а таксама для дзяцей‑інвалідаў.

22 красавіка

Пэрформанс з «Запарожцам»
На адно з цэнтральных скрыжаваньняў Барысава быў вывезены стары, пабіты аўтамабіль «Запарожац». На бакох у яго было напісана «Дыктатура дастала!».

23 красавіка

Менгарвыканкам папярэджвае
Заяўнікі акцыі з нагоды Дня Волі, якая прайшла ў Менску 25 сакавіка, атрымалі пісьмовыя папярэджаньні Менгарвыканкаму. Яны адрасаваныя лідэру аб’яднаных дэмсілаў Аляксандру Мілінкевічу, лідэру Партыі БНФ Вінцуку Вячорку, выканаўцу абавязкаў кіраўніка Беларускай сацыял‑дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатолю Ляўковічу і намесьніку старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Ігару Шынкарыку. У лісьце за подпісам намесьніка старшыні Менгарвыканкаму Міхаіла Ціцянкова адзначаецца, што ў гарвыканкам паступілі «шматлікія звароты менчукоў і гасьцей сталіцы», у якіх выказаны «пратэст супраць правядзеньня несанкцыянаваных Менгарвыканкамам шэсьцяў і мітынгу, якія адбыліся 25 сакавіка».

У Курапатах — новы вандалізм
Невядомыя зламысьнікі зламалі шэсьць крыжоў і некалькі пашкодзілі. Акт вандалізму засьведчылі ўдзельнікі талакі, якую ладзіць штосуботу Кансэрватыўна‑хрысьціянская партыя БНФ. Такое ў Курапатах чыніцца ўвесь час. Толькі «Лаву Клінтана», ад часу яе ўсталяваньня ў 1994 г., ламалі адзінаццаць разоў. Аднак міліцыя дагэтуль ня выявіла ніводнага злачынцы.

Прабілі колы аўтамабіля Кулей
Невядомыя прабілі колы і напісалі «Дзякуй за адукацыю» на машыне кіраўніцы Камітэту дапамогі рэпрэсаваным «Салідарнасьць» Іны Кулей. Жонка А.Мілінкевіча лічыць, што гэта правакацыя тых, хто баіцца праграмы Кастуся Каліноўскага. Аналягічныя мэтады псыхалягічнага ўзьдзеяньня ўжываліся ў савецкі час, напрыклад, супраць Васіля Быкава і дысыдэнтаў.

Улады ня любяць
Гарадзенскі гарвыканкам адмовіў у рэгістрацыі гарадзкой пярвічнай арганізацыі прафсаюзу працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП). Паводле адмовы, прафсаюз спазьніўся з падачай дакумэнтаў.

Заяўнікі «Шляху» судзяцца
Заяўнікі «Чарнобыльскага шляху» Аляксей Янукевіч, Анатоль Сідарэвіч, Юры Зянковіч і Валянціна Палевікова падалі ў суд Маскоўскага раёну Менску скаргу на рашэньне Менгарвыканкаму. Арганізатары прасілі дазволіць «Чарнобыльскі Шлях» 26 красавіка а 18.00 на плошчы Якуба Коласа. Менгарвыканкам дазволіў ісьці ад Акадэміі навук да плошчы Бангалор. Заяўнікі лічаць, што гэтым Менгарвыканкам парушыў арт.6 Закону аб правядзеньні масавых акцый, бо рашэньне прымалася без узгадненьня з заяўнікамі. Арганізатары маюць намер прыйсьці 26 красавіка а 18.00 на плошчу Якуба Коласа.

Сівакова апраўдалі
Менгарсуд не задаволіў касацыйную скаргу Валянціны Сьвяцкай. Жанчына прасіла скасаваць рашэньне суду Фрунзэнскага раёну Менску, які пастанавіў не прыцягваць да адказнасьці былога міністра ўнутраных спраў Юр’я Сівакова. Заяўніца таксама дамагаецца маральнай і матэрыяльнай кампэнсацыі ад Беларускай асацыяцыі вэтэранаў спэцпадразьдзяленьняў МУС «Гонар». Падставай для звароту ў суд стала публікацыя Юр’я Сівакова ў часопісе асацыяцыі «Журнал специального назначения», у якой аўтар цытаваў Гітлера.

Улады шугаюцца
У часе паездкі Аляксандра Мілінкевіча па забруджаных раёнах у некаторых дзіцячых інтэрнатах у яго адмовіліся браць падарункі. Нібы туды тэлефанавалі прадстаўнікі ўладаў і загадвалі нічога ня браць.

Цкаваньне дзяцей Казуліна і Лябедзькі
У БДУ пачалі ходзяць чуткі пра магчымае закрыцьцё факультэту міжнародных дачыненьняў. І зьвязана гэта не зь неабходнасьцю рэарганізацыі навучальнага працэсу ці павышэньня эфэктыўнасьці кіраваньня, а з прозьвішчамі двух студэнтаў — Юлі Казулінай і Арцёма Лябедзькі. Студэнтаў факультэту пераконваюць, што праз гэтых двух «таварышаў» узьнікаюць праблемы ва ўсяго факультэту.

Затрымліваюць перад Шляхам
У панядзелак, а 20‑й у Менску на мосьце, што злучае вуліцу Маскоўскую і праспэкт Незалежнасьці, былі затрыманыя Сьвятлана Панкавец, Юры Жыгалка, Эдуард Захараў і Аляксандар Стасюк. Яны распаўсюджвалі налепкі, што заклікалі людзей прыйсьці на «Чарнобыльскі шлях» 26 красавіка. Усе яны правялі ноч у РУУС Маскоўскага раёну. 24 красавіка судзьдзя Савецкага райсуду ўсіх засудзіў на 5‑7 сутак арышту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0