У сваім штогадовым пасланьні расейскі прэзыдэнт паказаў Захаду пудзіла халоднай вайны, а Беларусі — інтэграцыйны пернік. Але і пудзіла, і пернік — бутафорскія.
Са слоў Пуціна, у пытаньні будаўніцтва "саюзнае дзяржавы" Расея гатова ісьці "настолькі далёка, наколькі гатовы да гэтага нашы беларускія сябры". Чытай: з задавальненьнем паглынем, як толькі сасьпееце!
Дарэчы, некалі Лукашэнка выказваўся з дакладнасьцю да наадварот: маўляў, Беларусь гатовая ісьці ў пытаньні інтэграцыі настолькі далёка, наколькі гатовае расейскае кіраўніцтва.
Часы зьмяніліся, і фраза вярнулася бумэрангам.
Канешне, гаспадар Крамля выдатна разумее, што беларускі калега ня рвецца здаваць ключы ад незалежнасьці. Аднак праклямаваная тэза дае нейкую маральную падставу і далей падвышаць цэны на энэрганосьбіты. Ня хочаце інтэгравацца паводле нашага сцэнару — раскашэльвайцеся! За незалежнасьць трэба плаціць!
Зрэшты, можа, Менску пашэнціць нешта выгадаць на імаверным рымэйку халоднае вайны? Сёньня Пуцін заявіў, што лічыць мэтазгодным абвесьціць мараторый на выкананьне Расеяй Дамовы аб звычайных узброеных сілах у Эўропе.
Быў агучаны джэнтльмэнскі набор маскоўскіх "ястрабаў", уключна са згадкаю пра небясьпеку плянаванага Штатамі разьмяшчэньня ў Эўропе элемэнтаў сваёй супрацьракетнай абароны.
Памятаеце: гэтую ж тэму апошнім часам некалькі разоў пэдаляваў беларускі кіраўнік. Маўляў, нам з Уладзімерам Уладзімеравічам варта падумаць над асымэтрычным адказам!
Зрэшты, на думку палітоляга Андрэя Фёдарава, у Крамлі выдатна разумеюць, што дзясятак амэрыканскіх супрацьракетаў не нясе рэальнай пагрозы Расеі. Аднак чаму б не скарыстацца нагодай ды не закінуць піяраўскі мяч у карзіну амэрыканцаў? Пуцін прагаварыўся: маўляў, няма чаго "шукаць толькі блох на постсавецкай прасторы".
Цяжка ўявіць сабе, каб у падобнай стылістыцы вёў дыскусію з Захадам першы расейскі прэзыдэнт. Можа, не такой ужо гіпэрбалай ёсьць крылатае выказваньне апошніх дзён: найбольшай памылкай Ельцына стаў Пуцін.
Разам з тым, рымэйк халоднае вайны малаімаверны, лічыць Андрэй Фёдараў. Вяртаньне да сапраўднай канфрантацыі насамрэч не патрэбнае нікому ні ў Расеі, ні на Захадзе. Так што і Менск ад гэтай палітычнай гульні наўрад ці шмат выгадае ў матэрыяльным сэнсе. Адно што прапагандысцкія дывідэнды.
Ва ўнісон з Крамлём весялей цьвердзіць, каб не чапалі нашых блох :)





