Сёньня, 26 красавіка, на сядзібе БНФ адбылася прэс‑канфэрэнцыя заяўнікаў сёлетняга «Чарнобыльскага шляху». Віктар Івашкевіч ва ўступным слове сказаў, што замест татальных зачыстак улада абрала тактыку «подленькага шкодніцтва». Івашкевіч меў на ўвазе арышт гукаўзмацняльнай апаратуры, а таксама тое, што людзей прымусілі ісьці вуліцай Сурганава, дзе ішлі рамонтныя дарогі.

Сябра ПБНФ Юрась Зяньковіч паведаміў, што ўсіх затрыманых учора празь некалькі гадзінаў адпусьцілі, узяўшы адбіткі пальцаў і сфатаграфаваўшы. Паводле Зяньковіча нараканьняў на абыходжаньне ў РУУСе ад затрыманых не было.

Старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка адзначыў, што мэты акцыі былі дасягнутыя. Ён сказаў: «Відавочна, што вулічны патэнцыял апазыцыі застаецца вельмі вялікім. Мяне парадавала шматлікасьць акцыі, парадавала, што асноўную масу склала моладзь, якая гатовая ісьці на рызыку. Крыўдна, што адзіны незалежны тэлеканал, які трансьлюецца ў Беларусі, — «Эўраньюс», — праігнараваў «Чарнобыльскі шлях». Мне падавалася, што міліцыянты праз зубы стрымлівалі сябе, каб не пачаць нікога зьбіваць і затрымліваць. Думаю, што ў гэтым вялікая заслуга памочніка дзяржсакратара ЗША Дэвіда Крамэра».

Анатоль Сідарэвіч адзначыў, што беларусы часта займаюцца самаедзтвам, што датычыць вулічных акцыяў: «У Маскве зьбіраецца 200‑300 чалавек, і яны падымаюць шум на ўсю Эўропу! У нас жа, калі прыходзіць 5 тысяч, то акцыя лічыцца няўдалай. Я задаволены ўчорашняй акцыяй. Магу сьмела сказаць, што не пачуў ад моладзі ніводнага мацюка, ніводзін удзельнік не дыхнуў на мяне алькаголем. Гэта ня можа ня радаваць. Адзінае, чаго я баяўся, — гэта дурасьці і правакацыяў уладаў. Калі мы ішлі па Сурганава, дзе праводзіліся рамонтныя работы, я баяўся, каб не паўтарыліся падзеі 17 кастрычніка 1999 году, але ўсё было добра».

Напрыканцы прэс‑канфэрэнцыі заяўнікі паведамілі, што зьбіраюцца абскарджваць дзеяньні міліцыі ў судзе. Зяньковіч да таго ж будзе абскарджваць свой учорашні арышт.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?