Вядомы беларускі літаратуразнаўца Уладзімір Содаль абураны збіццём супрацоўнікамі міліцыі мірных удзельнікаў «Чарнобыльскага шляху» пасля завяршэння акцыі вечарам 26 красавіка. У прыватнасці, сам У.Содаль, якому сёлета спаўняецца 70 гадоў, і яго жонка былі збіты ў раёне плошчы Бангалор, калі вярталіся дадому пасля завяршэння акцыі.

У інтэрв’ю БелаПАН У.Содаль расказаў, што міліцыянеры дзейнічалі «нечакана і нахабна». «Я мог бы адбегчы, але годнасць не дазволіла мне гэта зрабіць. Чаму я, які перажыў у дзяцінстве страшныя гады нацысцкай акупацыі Беларусі, павінен ў сваёй краіне ў мірныя дні бегчы ад сваіх юных суайчыннікаў?» — абурыўся У.Содаль.

Вучоны падкрэсліў, што напад міліцыянераў нанёс яму глыбокую душэўную рану. «Калі гэта адбылося, я ўспомніў радок з гімна Беларусі: «Мы, беларусы, мірныя людзі». І вось гэтыя мірныя людзі вяртаюцца дадому і сутыкаюцца з такой незразумелай агрэсіяй. Калі ўлады хацелі разагнаць акцыю, трэба гэта было зрабіць у пачатку, а не здзекавацца над людзьмі, якія вярталіся дадому», — сказаў У.Содаль.

Тым не менш ён не збіраецца падаваць скаргу на дзеянні супрацоўнікаў міліцыі, паколькі лічыць гэта бессэнсоўным.

Уладзімір Содаль даследуе беларускую літаратуру і культуру XIX‑XX стагоддзяў, жыццёвы і творчы шлях Вінцэнта Дуніна‑Марцінкевіча, Францішка Багушэвіча, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Ядвігіна Ш. і Зоські Верас. Ён аўтар многіх кніг і вучэбных дыяфільмаў аб вядомых дзеячах нацыянальнай гісторыі і культуры, складальнік альбомаў, прывечаных Багушэвічу і Дуніну‑Марцінкевічу, зборнікаў твораў Багушэвіча. Трэба таксама адзначыць, што У.Содаль — інвалід з дзяцінства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?