Зміцер Вайцюшкевіч бадай што самая вялікая ахвяра беларускага «чорнага спісу» — калі ў іншых музыкаў зрэдку атрымліваецца арганізаваць клубны канцэрт, як было днём раней з «Нейра Дзюбель», то Вайцюшкевіч прэзентаваў свой новы альбом на вершы Рафала Ваячака «закрыта». На прэзентацыю былі запрошаныя чалавек пяцьдзесят.

У поўнай цемры пачынаецца аўдыётрансляцыя вершаў Ваячака: толькі сцэна, з белай прасцінай асвятляецца сафітам. Праз прасціну праступаюць рукі, твары, гітарны кофар — там працуюць два асістэнты музыкі. Пасля святло згасае, і па прасціне бягуць кадры з фільма пра Рафала Ваячака.

Зміцер Вайцюшкевіч выходзіць на сцэну ў старым паліто, апранутым на піжаму
, якую выдаюць у псіхіятрычных лякарнях, і пачынае спяваць пад акампанемент электрычнай гітары.

Рафал Ваячак вядомы не толькі дзіўнымі для польскіх 60-х вершамі, але і цяжкім лёсам:

некалькі спробаў самагубства, п’янства, дэпрэсія і цэлы шэраг растройстваў асобы
. Прэзентацыя альбома на ягоныя вершы пераўтварылася ў тэатралізаванае падарожжа па фобіях паэта, якога ўвасобіў Вайцюшкевіч. Часам з прасціны пачынае ліцца кроў, часам праступае твар, з якім Вайцюшкевіч «змагаецца».

Мінімалістычны акампанемент гітары робіць і без таго змрочныя вершы Ваячака проста дэпрэсіяй у чыстым выглядзе, але талент паэта бярэ верх: людзям, якія прывыклі да класічнай рыфмаванай, упарадкаванай паэзіі гэта наўрад ці спадабаецца.

Альбом «Ваячак», над якім музыка працаваў шэсць год, у запісах гучыць зусім па-іншаму, бо Вайцюшкевіч і «Усход-Захад» гэта не тэатральны перформанс. Але нават праз звыш-тэатралізаваны, наўмысна брудна адыграны тузін песняў, становіцца бачна, што адна-дзве з іх могуць стаць сапраўднымі хітамі.

Шкада, што прыхільнікі Вайцюшкевіча, якія больш прывыклі да Вайцюшкевіча-музыкі, чым да Вайцюшкевіча-акцёра, не змаглі гэтага бачыць: не дарма на некаторых старых афішах Зміцер так нагадваў патрыярха музычнага тэатра, Тома Уэйтса.

Спампаваць альбом можна тут

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?