На афіцыйным сайце Менгарвыканкаму ў гасьцёўні зьмешчаны ліст прадпрымальніка з Чэрвеня, у якім той выказвае прэтэнзіі да супрацоўнікаў Ўпраўленьне рэгістрацыі і ліцэнзаваньня Менгарвыканкаму. Прадпрымальніку прапанавалі дакумэнтальна засьведчыць, што па-расейску яго горад завецца менавіта «Червень», а не «Июнь»

Паважанае Ўпраўленьне рэгістрацыі і ліцэнзаваньня Менгарвыканкаму!

26 сакавіка 2007 г. у аддзел рэгістрацыі (каб. 104) мною быў пададзены пакет дакумэнтаў, неабходных для рэгістрацыі ўнітарнага прадпрыемства. У маёй прысутнасьці дакумэнты былі правераныя спэцыялістам і ніякіх прэтэнзіяў не выклікалі. Праз тры тыдні высьветлілася, што ёсьць недакладнасьці ў пададзеных мною пашпартных зьвестках. Калі я прыйшоў забраць дакумэнты для выпраўленьня, высьветлілася, што праблема ў тым, што ў мяне ў пашпарце месца прапіскі і орган, што выдаў пашпарт, пададзеныя па-беларуску без перакладу на рускую мову (Менская вобл., г. Чэрвень і Чэрвеньскi РУУС Менскай вобласьцi адпаведна), Статут прадпрыемства складзены па-руску (у Статуце пазначана Минская обл., г. Червень, и Червеньским РОВД Минской области адпаведна), а «Чэрвень» у перакладзе на рускую мову «июнь», у сувязі з чым мне прапанавалі выправіць на «Минская обл., г. Июнь, и Июньским РОВД Минской области».

У адказ на мае пярэчаньні наконт таго, што горад, у якім я прапісаны, па-расейску называецца «Червень», а ніяк не «Июнь», і РУУС у нас Червеньский, а не Июньский, мне выдалі на рукі статут і прапанавалі зрабіць запыт у РУУС майго гораду з тым, каб прадставіць ва ўпраўленьне афіцыйны адказ РУУС аб тым, што такі горад і раён называецца па-руску менавіта «Червень» і «Червеньский».

Патлумачце, калі ласка, чаму праз элемэнтарнае няведаньне супрацоўнікамі аддзелу рэгістрацыі геаграфіі Беларусі і правілаў перакладу назваў (імёнаў уласных) на рускую мову, я павінен даводзіць, «што не вярблюд»?! і губляць каштоўны час, які, між іншым, – «грошы».

З павагай, Павал Мікалаевіч!

Пакуль што ліст Паўла Мікалаевіча з Чэрвеня застаецца без адказу.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?