Пакуль у Таліне кіпяць жарсьці вакол «бронзавага салдата», у Менску па могілках на вуліцы Ерусалімскай (былая Перакопская) кладуць цеплатрасу.

Дзеля гэтага папярэдне зрэзалі тузін вялікіх дрэваў (літаральна пад вокнамі Мінпрыроды!). На гэтых старасьвецкіх габрэйскіх могілках пахаваныя ахвяры Галакосту. Тут мелі знайсьці сабе вечны спачын людзі ня толькі зь Беларусі, але й зь Нямеччыны.Цяпер іхныя парэшткі, разам з будаўнічым хлудам, перакопваюць экскаватарамі. Вераемна паверх гэтага рава пасьля будуць катацца машыны.

Нагадаем, што месяц таму гэтыя могілкі былі апаганеныя «невядомымі», акурат напярэдадні 65‑х угодкаў зьнішчэньня менскага гета. Тады ж была скрадзеная й мэмарыяльная табліца ў памяць брэменскіх габрэяў, зьнішчаных нацыстамі ў Менску.

Таксама зазначым, што тры гады таму, Таварыства аховы помнікаў выступіла зь ініцыятывай аб унясеньні гэтых могілак у Сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцей. У Міністэрстве культуры гэта рабіць адмовіліся.

Сяргей Харэўскі, фота аўтара

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0