Аднак адбудзецца пасьля таго, як будзе дасягнутая трохбаковая дамоўленасьць паміж Беларусьсю, Польшчай і Расеяй, паведаміў віцэ-прэм’ер Іван Бамбіза.
Пастаўкі імпартнага мяса ў Беларусь прыпыніліся ад 17 сакавіка паводле рашэньня ўпраўленьня вэтэрынарыі Мінсельгасхарчу. Адбылося гэта пасьля таго, як Расея зьвінаваціла Беларусь у рээкспарце польскага мяса. Паводле словаў віцэ-прэм’ера, беларускі бок прадаставіў расейскім калегам дакумэнты, якія сьведчылі пра тое, што перапрацаванае ў Беларусі польскае мяса рэалізуецца выключна на ўнутраным рынку.
Адначасова з Расеі так і прыйшлі дакумэнты, што б маглі сьведчыць пра факты рээкспарту. Тым не менш былі прынятыя захады па адмене імпарту польскага мяса на няпэўны тэрмін.
Для вырашэньня пытаньня, мяркуе І. Бамбіза, патрэбна выпрацаваць на беларуска-расейскім рынку адзіныя правілы. Пры гэтым схемы паставак мяса трэба абмяркоўваць і прымаць адпаведныя супольныя рашэньні. Неабходна ўлічваць інтарэсы усіх трох краінаў, падкрэсьліў віцэ-прэм’ер.
Варта адзначыць, што Польшча і Расея пакуль не знайшлі вырашэньня гэтай праблемы. Тым часам, у берасьцейскай Свабоднай эканамічнай зоне сытуацыя са спыненьнем імпарту польскага мяса пагражае мясцовым вытворцам прыпыненьнем дзейнасьці, піша тыднёвік «Белорусы и рынок». Вядомы ў рэгіёне вытворца «Інкафуд» скараціў утрая выпуск прадукцыі. Пад вялікім пытаньнем інвэстыцыйная праграма прадпрыемства.