Адбыліся суды над затрыманымі ўдзельнікамі акцыі 26 красавіка ў Віцебску, прымеркаванай да гадавіны Чарнобыльскай трагедыі. Старшыня гарадской арганізацыі партыі БНФ Уладзіслаў Токараў пакараны на трое сутак зняволення ў ізалятары часовага ўтрымання. Нагадаем, што ён падчас жалобнай імпрэзы на Успенскай горцы трымаў бел‑чырвона‑белы сцяг з чорнай стужкай. Суд вырашыў, што гэта быў несанкцыянаваны пікет.

Яшчэ двум удзельнікам — старшыні абласной арганізацыі партыі БНФ Кастусю Смолікаву і беспартыйнаму актывісту Сяргею Белязеку — прысудзілі штрафы. Першаму — 2 базавыя велічыні (62 тысячы рублёў). Другому — пяць базавых велічыняў (155 тысяч рублёў). Іх таксама прызналі ў правядзенні несанкцыянаванага пікету.

Як паведаміла «Радыё Свабода», прысутныя на судзе сведкі‑міліцыянеры сцвярджалі, што »менавіта сцяг стаўся галоўным атрыбутам недазволенага пікету». І, як інфармуе радыё, адзін з прадстаўнікоў аховы правапарадку «засведчыў у судзе, што такім чынам апазіцыянеры нібыта выказвалі свой пратэст супраць дзяржаўнага ладу і абмежавання свабоды ў Беларусі».

Яна Ільіна, «Народныя навіны Віцебску»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0