Гераічная гісторыя натхняе, напаўняе пачуццем гонару, адкрывае новыя далягляды. На грунце мінулага будуюцца перспектывы.

Без агульнай гісторыі губляюцца адзінства нацыі, магчымасці паспяховага развіцця -- тое, што можна абазначыць як драйв жыцця.

Веданне гісторыі і павага да яе лучыць, спрыяе дыялогу. Нацыя – не зграя, тым больш не статак. Абваліліся ідэалагічныя заслоны і мы зразумелі, што не ўвесь час і не ўсе ў Беларусі хадзілі ў савецкай чарадзе.

Данос старшыні сельсавета.

Данос старшыні сельсавета.

Пратакол допыту Параскі Бірыч. Першая старонка.

Пратакол допыту Параскі Бірыч. Першая старонка.

Ордар на арышт і ператрус Цімоха Бірыча (бацькі Міхася), Мікалая Казака і Пётры Еўстрада.

Ордар на арышт і ператрус Цімоха Бірыча (бацькі Міхася), Мікалая Казака і Пётры Еўстрада.

«Анкета арыштаванага», складзеная на Пётру Еўстрада. У графе «грамадзянства» значыцца «РСФСР»: асабісты Захфронту не ведалі пра існаванне асобнай Савецкай Беларусі?

«Анкета арыштаванага», складзеная на Пётру Еўстрада. У графе «грамадзянства» значыцца «РСФСР»: асабісты Захфронту не ведалі пра існаванне асобнай Савецкай Беларусі?

Іх імёны зусім нядаўна выйшлі з архіваў на святло жыцця.

Браты Богданы, Іван і Мітрафан, Пётра Еўстрад і Міхась Бірыч былі сярод добраахвотнікаў, што ў лістападзе 1920-га запісаліся ў Першы Слуцкі полк, калі Рада Случчыны аб’явіла мабілізацыю ва ўзброеныя сілы БНР.
Яны былі землякі: з вёскі Рачкавічы Чапліцкай воласці (цяпер – Слуцкі раён). Хутчэй за ўсё, добраахвотнікаў з вёскі было болей, але крыніцы ў Дзяржаўным архіве Мінскай вобласці раскрылі пакуль толькі іх імёны.

Пры канцы лістапада 1920 г. Першы Слуцкі полк займаў участак фронту ад Семежава да Вызны – каля 20 км. Баявыя дзеянні пачаліся 27 лістапада.

Тым, хто сумняецца ў “сапраўднасці” Слуцкага паўстання, варта пачытаць савецкія крыніцы – сапраўдныя франтавыя зводкі.
“Семежава -- сталіца Беларускай Рады. Цяжкая праца, – спачувала бальшавіцкая газета “Звезда”, – выпала на долю семежаўскага рэўкома, які ахапіў раён па фронту на 70 верст і толькі што быў вызвалены ад беларускіх банд… Буржуазная Рада паспрабавала зноў авалодаць Семежавам, што ёй і ўдалося. Таксама яны авалодалі і іншымі савецкімі населенымі пунктамі і ўжо марылі пра захоп Слуцку...” “...18 снежня беларускія войскі ўварваліся ў мястэчка Семежава і Вызну”, -- паведаміляў у справаздачы і слуцкі ваенком.

У гэтых падзеях, пра якія з трывогай пісаў савецкі друк, бралі ўдзел і хлопцы з Рачкавіч.

“Был деятелем при Белорусской оккупации”

Яны не былі навічкамі ў беларускай справе.

Міхась Бірыч да паўстання, па распараджэнні Слуцкай Рады, быў камендантам Вызны (цяпер Чырвоная Слабада Салігорскага раёна), Іван Богдан быў войтам і кіраваў мабілізацыяй.
“Он был деятелем при Белорусской оккупации, издавал приказы о мобилизации населения для изгнания большевиков из Белоруссии…” – засведчыць пазней агентурная даведка. Гэта ж трэба дадумацца: вінаваціць мясцовага чалавека ў акупацыі ўласнай зямлі! Цынізм і нахабства прасякае ўсю тагачасную палітыку саветаў на беларускіх землях.

Праўда, Богданаў загад пра мабілізацыю ў Першую Брыгаду БНР, накіраваны ім у родныя Рачкавічы і навакольныя вёскі, сяляне ўспрынялі з насцярогаю, а прадбачлівы старшыня Рачкавіцкага сельскага савета схаваў паперу ў шуфляду.

Дзякуючы таму старшыню, а дакладней, яго даносу, мы сёння ведаем імёны братоў Богданаў, Еўстрада і Бірыча. Даносы, сведчанне праяў таемных людскіх жарсцяў, настрояў і непрыгожых паводзін -- змястоўныя крыніцы для рэканструкцыі гістарычных падзей.
Асабліва ў часы глабальнага перадзелу маёмасці і ўлады.

“Жывуць вельмі арганізавана, адзін другога не здадуць…”

15 жніўня 1921 г. начальнік асобага памежнага паста № 4 упаўнаважаны Розаў з заявы мясцовага старшыні сельсавета Ч. (з этычных меркаванняў не пазначаю яго прозвішча) даведаўся, што Іван Богдан вярнуўся «з бандытызму» ў родныя мясціны. (Гэта, трэба разумець, ваяры Брыгады БНР, пасля адступлення на польскую тэрыторыю, вярталіся дадому з лагераў для інтэрнаваных ўвесну 1921-га.)

Але данос інфармаваў, што Богдан з хаўруснікамі зброі не склалі.
У раёне Вызны дзейнічае партызанскі аддзел, паведамляў старшыня сельсавета. Ім кіруе Богдан...
Паўстанцы мелі дыслакацыю ў лесе побач з засценкам Апаміны. Жыхары забяспечвалі іх харчаваннем. (“Куплялі свіней і перадавалі ў лес”, – быў падрабязным у дэталях чырвоны агент.)
Галоўным у службе забяспячэння быў швагра Міхася Бірыча – Васіль Дубовік. Міхась пакідаў у дупле дрэва запіскі: што і колькі трэба падрыхтаваць. Схема пастаўкі прадуктаў была распрацаваная так, што вяскоўцы-пастаўшчыкі не сустракаліся і не ведалі адзін аднаго.

Дубовік размяркоўваў абавязкі сярод жыхароў засценка, сам у Слуцк не рызыкаваў паказвацца: па справах дасылаў людзей. Сексот, які забяспечваў інфармацыяй упаўнаважанага Розава, пісаў у чарговым данясенні: “…усе жыхары гэтага засценка ведаюць, што ў іх творыцца… Жывуць яны вельмі арганізавана, адзін другога не здадуць… А ў гэты час у іх у лесе апераваў атрад бандытаў Богдана Івана…”

“Склалі спісы камуністаў і палохалі іх”

Са змястоўнага дакумента, агентурнай даведкі, можна даведацца, што Бірыч і Еўстрад служылі і служаць (!) у Першай Беларускай Брыгадзе, а адначасова з’яўляюцца агентамі польскай выведкі. Яны збіраюць звесткі аб становішчы ў павеце, колькасці і размеркаванні чырвоных. Яны, калі верыць даносу, склалі спісы камуністаў і палохалі іх вяртаннем палякаў.

На самой справе Пётра служыў ў выведцы Слуцкага палка пад кіраўніцтвам Яўгена Рэўта. Яшчэ да рашэння Рады Случчыны пра арганізацыю войска БНР, ён у сваіх мясцінах клапаціўся аб фармаванні ўзброеных атрадаў, якія сталі асновай двух палкоў -- Слуцкага і Грозаўскага.

Аднавяскоўцы былі ўдзячныя Еўстраду за заступніцтва перад польскай уладаю. Цікава, што ў Слуцку Пётра пачынаў служыць ў каравульнай роце, дзе, дарэчы, пад кіраўніцтвам Рамановіча праходзілі службу і будучы кіраўнік паўстання Павал Жаўрыд, і Аляксандр Маркевіч, каптэрнамус Слуцкага палка і шмат хто яшчэ з будучых паўстанцаў. Там, хутчэй за ўсе, Еўстрад і пранікся ідэямі паўстанцаў.

Фатальная Параска

Расправа з непрыемнымі суседзямі рукамі новай улады -- з’ява па тых часах нярэдкая.

Якія прычыны меў даносчык, каб пісаць у “органы”?
Было гэта жаданне новай вясковай вярхушкі засведчыць чырвонай уладзе сваю адданасць? Ці, можа, спроба адпомсціць тым, хто варожа ставіўся да яго, прадстаўніка саветаў, раней? А мо сардэчная інтрыга?
Бо старшыня з сімпатыяй паглядаў на Параску Бірыч, 27-гадовую самотную вясковую прыгажуню, якая мела ва “ўхажорах” Богданавага сябрука, Міхася Бірыча.

З даносаў вынікае, што ведаў старшыня няшмат. Асноўнай крыніцай інфармацыі, відаць, былі ўсё тая ж Параска Бірыч ды старшынёўская фантазія. Тым не менш, справа закруцілася...

Слабасць улады

У пачатку 1920-х савецкая ўлада ў Беларусі была слабая.

Да былых удзельнікаў паўстання ставіліся паблажліва -- інакш, трэба было б арыштаваць добрую палову маладых мужчын павета. Звычайна з іх проста бралі грашовае спагнанне.
Нават у сярэдзіне 1920-х, калі бальшавікі адчулі, што перамагаюць, і пачалі паказальныя працэсы над случакамі, суд абмяжоўвалася невялікімі тэрмінамі.

Таму дзіўна, што хлопцаў спасціг такі трагічны лёс. Магчыма, у справе іх выкрыцця і арышту вялікую ролю адыграла настойлівасць старшыні, які пагражаў начальніку ДОПРа, што і на яго данясе слуцкім чэкістам, калі Бірыч і Еўстрад не будуць узяты пад варту.

Арышты

15 жніўня ў лесе побач з Апамінамі быў арыштаваны Міхась Бірыч. У верасні быў затрыманы Пётра Еўстрад. Была распачата справа і супраць іх сваякоў. Сакрэтнаму супрацоўніку памежнага адзялення №4 Заходняга фронту, нейкаму Віктару Шварцу, быў выдадзены ордар на вобшук і арышт Цімафея Бірыча, бацькі Міхася, які хаваў зброю для партызан.

Арышту падлягаў і Мікалай Казак, вядомы на ўсю акругу партызан з вёскі Еўлічы. Але яму ўдалося пазбегнуць затрымання, яго слава неўлоўнага баевіка яшче доўга кацілася па навакольных вёсках.

На волі заставаўся Іван Богдан. Яго сям’я была рэпрэсаваная, маёмасць перададзеная ў “комкрасхоз”, бацькоў выслалі ў Архангельск... Аддзел Богдана яшчэ пэўны час апераваў у родных мясцінах.
Далейшы лёс братоў пакуль невядомы.

Дарэчы, пастанову з абвінавачаннем у бандытызме Івана і Мітрафана Богданаў падпісаў начальнік Слуцкага палітбюро (савецкага карнага органу) Бакіеў. Ёсць звесткі, што для падаўлення Слуцкага паўстання выкарыстоўваліся так званыя інтернацыянальныя брыгада. Кітайцы былі, чаму б не быць і сыну кыргыз-кайсацкіх стэпаў?

Бірыч не вытрымаў

Людзей сялянскай супольнасці звязвалі рознага кшталту сувязі -- сваяцкія, сяброўскія, прыязныя і варожыя, вертыкалі і гарынзанталі адносін. Таму не дзіва, што начальнік крымінальнага вышуку, нехта Маскаленка, дапамог Богдану і іншым здабыць дакументы для вяртання ў родную вёску. А

следчы па справе Пётры Еўстрада, нехта Якубовіч, папярэдзіў хлапца, што яго сябра Міхась Бірыч не вытрымаў выпрабаванняў і перад тым, як скончыць жыццё самагубствам (ён павесіўся у слуцкай турме), засведчыў, што Еўстрад быў разам з ім “у бандзе”...

Дый ці самагубства гэта было?

Следства старанна абвінавачвала Бірыча ў яўрэйскіх пагромах у Вызне, Макранах, Морачы, Магільне – з гвалтам і рабункамі. Ці верыць у гэта?
Старшыня ў даносе спасылаўся на аповяд Параскі Бірыч. Але на допыце жанчына пакажа, што нічога не ведае канкрэтна, толькі чула размову каханка-паўстанца з яго бацькам.

Дый навошта рабаваць? Богданы і Бірычы былі людзьмі дастаткова заможнымі. А сяляне з дастаткам мелі павагу да чужой уласнасці.

Да таго ж

названыя вёскі -- месцы, дзе адбыліся ўзброеныя сутычкі з аддзеламі Чырвонай арміі. Калі б слуцкія паўстанцы праявілі тады хоць найменшы антысемітызм, бальшавіцкая прапаганда разнесла б гэта на паўсвету.

Усё ж у гэтай трагічнай гісторыі застаецца шмат няяснага. Няма нават фота яе герояў, шырэйшых біяграфічных звестак.

Запоўніць прабелы мы здолеем, калі з’явіцца вольны доступ да архіваў КДБ. Магчыма там, у засакрэчаных папках, ляжаць адказы на пытанні, як загінуў Міхась Бірыч і куды далей павёў лёс братоў Богданаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0