Што было б, каб па вуліцах Масквы хадзіў натоўп, рабаваў крамы і скандаваў: «Эстонія, Эстонія!»? Піша Руслан Равяка.

Па другой сусьветнай вайне на баранавіцкіх могілках былі пахаваны савецкія салдаты, сярод якіх былі нават некалькі высокіх афіцэраў, два палкоўнікі. Празь некалькі дзясяткаў год могілкі зьнесьлі, бо яны апынуліся ў цэнтры гораду. На іх месцы пабудавалі гаркам партыі (цяпер гарвыканкам) і плошчу Леніна. Савецкіх жаўнераў ціха перанесьлі на іншыя могілкі, на край гораду. Клады ж проста зраўнялі зь зямлёю, а там былі пахаваньні расейскіх і нямецкіх жанераў часоў першай вайны, польскіх вайскоўцаў ды простых жыхароў гораду. І цяпер падчас раскопаў не-не ды выкопваюць невядомыя труны.

Сёньня расейцы пераймаюцца брацкай магілаю савецкіх жаўнераў у Таліне. Хочуць эстонцы перахаваць забітых салдат з цэнтру сталіцы на іншым месцы... Уявіце сабе могілкі на нашай плошчы Незалежнасьці, ля каралеўскага замку ў Варшаве...

Ёсьць лясы пад Вязьмаю, куды дасюль забаронены ўваход – замінавана. Там жа каскі, там жа косткі... І такіх «брацкіх магілаў» у Расеі мноства... Тым нябожчыкам не пашчасьціла – яны загінулі не ў Прыбалтыцы, а ў Расеі. Прыгожыя словы пра апошняга пахаванага салдата – патрыятычная балбатня для электарату.

Расейцы плянуюць распачаць эканамічную блякаду Эстоніі. Крамы выкідаюць эстонскія сыры й кансэрвы. Палітыкі абяцаюць абмежаваць імпарт, экспарт і транзыт праз малую краіну. Сёлета тое ўжо рабілі зь беларускімі прадуктамі, летась — з грузінскімі таварамі, яшчэ раней з малдаўскімі. Толькі Эстонію гэта мала палохае – краіна ў Эўразьвязе й можа лёгка прадваць свае тавары ў Эўропу.

Эстонскія ўлады маглі б распачаць перахаваньне й пасьля дня Перамогі. Але ж яны рабілі гэта з захаваньнем працэдуры, абвесьціўшы ўсім пра свае намеры, па выніках абмеркаваньня ў парлямэнце. Не на сьметнік выкідваюцца косткі ваяроў — на могілкі. Хоць для большасьці эстонцаў саветы як нацысты. Пазбавілі краіну незалежнасьці, забілі дзясяткі тысяч людзей.

Пікетаваньне эстонскай амбасады ў Маскве нагадвае добра знаёмыя менскія акцыі патрыётаў. Пра тое, што добрую частку пратэстоўцаў у Таліне складалі грамадзяне Расеі, замоўчваецца. (Хіба што абмовіліся адзін раз, што візы ў цэлай каманды расейскай моладзі былі ануляваныя ў апошні момант на вакзале.) Памятаеце, што нашыя ўрадавыя СМІ пісалі пра ўкраінцаў і грузінаў, якія ехалі ў Беларусь?

А разгон марадзёраў?.. Што было б, каб па вуліцах Масквы хадзіў натоўп, рабаваў крамы, падпальваў машыны і скандаваў: «Эстонія, Эстонія!»? Пра зарэзанага грамадзяніна Расеі – ужо ж не паліцыя зарэзала нажом хлопца.

Найхутчэй, такая ўвага Расеі да малой балтыйскай краіны — штучнае адцягваньне электарату ад унутрырасейскіх праблемаў і свайго разгону апазыцыі.

За апошнія гады Расея пасьпела пасварыцца па некалькі разоў з ўсімі сваімі суседзямі. Праўда, рабілася гэта абачліва — па чарзе. Сваркі гэтыя пачаліся з ростам цэнаў на нафту. Тую імпэрскасьць чакае ломка па падзеньні энэргетычнай каньюнктуры. Падобнае падзеньне ў 80-х прывяло да вядомых падзеяў у 1990—91 гадах.

Мы робімся сьведкамі пачатку супрацьстаяньня вялікіх краінаў. Тыя ж зацягваюць у вір канфлікту сваіх малых суседзяў. Адны ратуюцца ад таго віру, караскаючыся з усёй сілы на востраў Эўразьвязу. А Беларусь? Палохае лёс Беларусі. Бо кідаюць нас у той стары вір, дзе ўсё звыкла й знаёма...

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0