3 траўня, у Сусьветны дзень свабоды прэсы, стаў вядомы ляўрэат прэміі «За адданасьць прынцыпам свабоды слова» імя Ігара Герменчука.
Ім стаў галоўны рэдактар недзяржаўнай газэты «Народная воля» Ёсіф Сярэдзіч. Прэмія была запачаткаваная ў 2005 г., заснавальнікамі выступілі БАЖ разам з нарвэскім ПЭН‑цэнтрам і нарвэскай праваабарончай арганізацыяй «Human Rights House».
У размове з карэспандэнтам «НН» Ёсіф Сярэдзіч адзначыў, што даведаўся пра атрыманьне гэтай прэміі літаральна некалькі хвілінаў таму (гутарка адбылася ў 12:10), пасьля тэлефанаваньня старшыні БАЖ Жанны Літвіной.
Таксама сп.Сярэдзіч сказаў: «Для беларускага журналіста няма больш каштоўнай прэміі. Найперш праз тое, што яна зьвязаная зь іменем Ігара Герменчука, нашага калегі і сябра, чалавека, які ўсё сваё жыцьцё змагаўся за незалежнасьць, дэмакратыю, свабоду слова. Мы ў пэўнай ступені працягваем цяпер ягоную справу. Скажу вам шчыра, што гэта самая дарагая для мяне прэмія, якую калі‑небудзь атрымліваў».
Пакуль што Ёсіф Сярэдзіч ня ведае дзе і калі атрымае ўзнагароду, найхутчэй гэта адбудзецца летам у Менску.





