26 красавіка

Дашкевіча вяртаюць

Лідэр незарэгістраванага «Маладога фронту» трапіў у шпіталь на абсьледаваньне са шклоўскай калёніі, дзе яго прымушалі працаваць на лесапільным участку, хоць яму балела сьпіна. Перад вяртаньнем у калёнію Зьміцер меў спатканьне з бацькамі. Нагадаем, Зьміцер Дашкевіч пакараны на паўтара году зьняволеньня за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. За кратамі хлопец болей за дзевяць месяцаў.

Затрыманы Хамайда

Барыс Хамайда атрымаў двое сутак арышту па арт. 23.34 КаАП (парушэньне парадку арганізацыі альбо правядзеньня масавага мерапрыемства альбо пікетаваньня), бо ўсталяваў у цэнтры Віцебску невялічкі звон у памяць Чарнобыльскай трагедыі й раз‑пораз у яго званіў. Пікет цягнуўся каля дзесяці хвілінаў. Потым міліцыянты даставілі апазыцыянэра ў Чыгуначны РУУС Віцебску.

Клімаву не даюць чытаць

Адміністрацыя СІЗА адмовілася прыняць літаратуру для палітвязьня. Начальнік аддзелу па выхаваўчай працы маёр Дзянісік паведаміў: кнігі можна браць толькі зь бібліятэкі ізалятару. Раней адміністрацыя СІЗА адмовілася перадаць Клімаву радыёпрымач. Андрэй Клімаў у СІЗА з 3 красавіка. Палітыка вінавацяць у закліках да гвалтоўнага зьвяржэньня ўлады, нібыта зьмешчаных у яго артыкуле ў інтэрнэце.

Статкевіч ізаляваны

Палітвязень Мікола Статкевіч, які адбывае пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі, быў ізаляваны ў памяшканьні камэндатуры Пухавіцкага раёну на час «Чарнобыльскага шляху». Гэтак Статкевіча ізалююць рэгулярна: падчас правядзеньня масавых вулічных акцыяў ці ўдзелу Лукашэнкі ў мерапрыемствах на адкрытым паветры.

Затрымалі пасьля «Шляху»

Пасьля жалобнага мітынгу былі на кароткі час затрыманыя спэцназам: Юры Шамкаловіч, Людміла Атакулава, Іван Сьпірін, Кацярына Краснова, Кацярына Галіцкая, Мікалай Сяргеенка, Алесь Лісіенка, Уладзімер Сяргееў, Вячаслаў Вяткоўскі, Валянцін Сакалоўскі, Алесь Прэнін, Васіль Прасянкоў, Кацярына Рамашкевіч, Юлія Сяўцова, Юры Зяньковіч. Пад гарачую руку была схопленая і 10‑гадовая дзяўчынка, якую міліцыянты закінулі ў аўтобус разам з затрыманымі, а потым адпусьцілі толькі на вул.Арлоўскай.

Затрыманьні ў Віцебску

Старшыню віцебскай абласной суполкі Партыі БНФ Кастуся Смолікава, кіраўніка гарадзкой суполкі Ўладзіслава Токарава і актывіста Сяргея Белазеку спэцназ затрымаў на Ўсьпенскай горцы, дзе прадстаўнікі дэмсілаў сабраліся ўшанаваць памяць ахвяраў Чарнобылю. К.Смолікаву і С.Белязеку суд даў па 2 базавыя велічыні штрафу. У.Токараў асуджаны на 3 ночы арышту.

Два мітынгі ў Магілёве

26 красавіка ў Магілёве адбыліся два мітынгі — афіцыйны й апазыцыйны. На афіцыйны мітынг сабраліся збольшага школьнікі. Прадстаўнікі магілёўскай аб’яднанай апазыцыі ўсклалі кветкі да памятнага знаку ля гарадзкіх могілак. На альтэрнатыўны мітынг прыйшло сорак чалавек. Ксёндз Магілёўскага касьцёлу сьв. Станіслава а. Раман правёў малебен за Беларусь. Мітынг скончыўся гімнам «Магутны Божа».

Мур наведаў Фінькевіча

Намесьнік амбасадара ЗША ў Беларусі Джонатан Мур наведаў 26 красавіка актывіста моладзевага руху Артура Фінькевіча на «хіміі» ў Магілёве. Размова праходзіла ў прысутнасьці начальніка спэцкамэндатуры. Дж.Мур запэўніў, што ЗША будуць і далей патрабаваць ад беларускіх уладаў вызваленьня ўсіх палітвязьняў.

27 красавіка

На мяжы затрыманыя

На польска‑беларускай мяжы былі часова затрыманыя студэнты, што вучацца ў Польшчы па праграме Каліноўскага. У часе мытнага нагляду ў Вольгі Шэпель, Алены Камаровай, Віктара Кісьлюка, Паўла Крэсіка, Алеся Ванчука, Андрэя Аксаміта й Аляксея Трубкіна адабралі пашпарты. А.Трубкін, карыстаючыся тым, што мытнікі, пакінуўшы на стале пашпарты, выйшлі з кабінэту, узяў свой пашпарт і пайшоў. З астатнімі правялі «прафіляктычную гутарку» людзі ў цывільным, якія не прадставіліся. Яны пыталі, ці ведаюць студэнты, хто ажыцьцяўляе наркатрафік праз польска‑беларускую мяжу і хто возіць выбуховыя рэчы.

29 красавіка

Cапёры на сходзе дэмсілаў

Да гомельскага офісу АГП, дзе праходзіў рэгіянальны сход дэлегатаў апазыцыі, прыехалі міліцыя і сапёры. Яны заявілі, што паступіў ананімны сыгнал, быццам у двары дому — снарад, і патрабавалі агляду памяшканьня і падворку. Гаспадары не дазволілі, і міліцыянты зьехалі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?