Некалькі дзясяткаў сябраў БРСМ і актывістаў вэтэранскіх арганізацыяў пікетавалі сёньня будынак генэральнага консульства Эстоніі ў Менску.
Гэтак пікетоўцы падтрымалі санкцыяваныя расейскімі ўладамі антыэстонскія мітынгі ў буйных гарадах Расеі. Расейцы пратэстуюць супраць пераносу помніка загінулым савецкім салдатам з цэнтру на вайсковыя могілкі Таліна.
З‑за непрадказальнасьці сытуацыі консульства Эстоніі ў Менску 3 траўня не працавала.
Як паведаміў нашаму карэспандэнту дзяжурны дыппрадстаўніцтва, пакуль не вядомы графік працы ўстановы на наступныя дні, паколькі ўдзельнікі акцыі абяцалі вяртацца да будынку штодня, аж да Дня перамогі 9 траўня.
Разам з тым, прадстаўнікі дыпляматычнага ведамства кажуць, што з улікам аддаленасьці консульства ад цэнтру Менску (а нядаўна эстонскія дыпляматы пераехалі ў будынак па адрасе 2‑гі завулак Кальцова ў мікрараёне Зялёны Луг) спадзявацца на шырокую падтрымку менчукоў не выпадае.
Прынамсі, за гадзіну стаяньня ў пікеце ніхто зь мінакоў да мітынгоўцаў не далучыўся.
Пікеты насупраць генэральнага консульства Эстоніі ў Менску дазволіў Менгарвыканкам.





