«Людзі маюць права насіць агнястрэльную зброю, але яны павінны пры гэтым прытрымлівацца правілаў», — сказаў пасьля трагедыі ва ўнівэрсытэце ў г.Блэксбург прэзыдэнт ЗША Джордж Буш, якія маліўся за ахвяраў вар’ята. A Вірджынія — гэта штат, які любіць зброю. У Вірджынскім тэхналягічным унівэрсытэце выявіўся змрочны бок гэтай любові.

Трагедыя адновіць дыскусію пра зброю?

Навіны пра страляніну ў кампусе «ахапілі жудасьцю» i шакавалі прэзыдэнта Джорджа Буша. У выступе пасьля трагедыі прэзыдэнт ЗША сказаў, што злучаецца болем з цэлым народам і моліцца Богу за тое, каб Ён прыняў ахвяры і суцішыў боль іх сем’яў.

Аднак пры гэтым Буш зазначыў, што трагедыю ў Блэксбургу ня варта выкарыстоўваць дзеля дыскусіяў пра абмежаваньне валоданьня зброяй, бо «людзі маюць права яе насіць». Але трагедыя гэткага маштабу, безумоўна, адновіць вялікія амэрыканскія дэбаты пра доступ да агнястрэльнай зброі. Відаць, яны не абмінуць і Вірджынію — адзін з тых штатаў, дзе правілы набыцьця і нашэньня зброі найбольш ляяльныя.

Прыхільнікі свабоднага доступу да агнястрэльнай зброі, што запісаны ў другой папраўцы да амэрыканскай канстытуцыі, маюць вялізны ўплыў як у Рэспубліканскай, так і ў Дэмакратычнай партыях. Пасьпяхова лабіюе перадусім магутная «Нацыянальная асацыяцыя зброі» (National Rifle Organization) — арганізацыя, што змагаецца за захаваньне канстытуцыйнага права амэрыканцаў да валоданьня агнястрэльнай зброяй — вораг нумар адзін левых.

«Калі б ня лёгкі доступ да зброі, большасьці трагедыяў ня здарылася б», — кажа Барташ Вэнглярчык з «Газэты Выборчай», шматгадовы карэспандэнт газэты ў ЗША. Аднак крайнія прыхільнікі гэтага права адказваюць, цытуючы Эвангельле паводле сьв.Лукі (22;36), i сьцьвярджаюць, што сам Ісус заахвочваў сваіх пасьлядоўнікаў да набыцьця зброі.

Зброя ў 1/3 дамоў

Урад ЗША ня мае дакладных дадзеных на тэму «ўзбраеньня» амэрыканцаў. Розныя дадзеныя сьведчаць пра тое, што амэрыканцы валодаюць прыкладна ад 70 млн да цэлых 250 млн адзінак зброі — ад пісталетаў і любімых калекцыянэрамі мушкетаў да цяжкіх кулямётаў i зэнітных гарматаў. Зброя знаходзіцца ў 1/3 амэрыканскіх дамоў.

У ніводнай краіне сьвету не зьдзяйсьняецца большай колькасьці злачынстваў з выкарыстаньнем агнястрэльнай зброі, чым у ЗША. У 2005 г. у ЗША іх было зьдзейсьнена амаль 370 тыс. Гэта і так нашмат менш, чым было на пачатку мінулай дэкады, калі іх было больш за паўмільёна. Кожныя пяць хвілінаў недзе ў ЗША нехта дзеля ўласнай абароны дастае зброю. Кожныя пятнаццаць хвілінаў нехта гіне ад куляў.

У большасьці штатаў тыя, хто набывае зброю, павінны даказаць, што раней яны не былі пакараныя. Аднак шмат у якіх штатах дазваляецца, напрыклад, нічым не кантраляваны продаж зброі на вельмі папулярных гарадзкіх кірмашах. Для большасьці амэрыканцаў, у тым ліку і для кіруючай адміністрацыі, «адказнае валоданьне зброяй» ёсьць элемэнтам нацыянальнай тоеснасьці.

Як напісаў Джон Нікалз, які супрацоўнічае з «флягманскім караблём амэрыканскіх левых» — пэрыядычным выданьнем «The Nation», — шок i жудасьць неабавязкова перараджаюцца ў рэфлексію. Пра тое, што такая рэфлексія патрэбная, сьведчыць, аднак, той факт, што хаця Амэрыка і ахопленая жудасьцю, аднак — як сьцьвярджае Нікалз — ніхто ня можа пра гэтую трагедыю сказаць, што яна была «няўяўнай».

Унівэрсытэты ня могуць пераўтварыцца ў клеткі

Дзень пасьля трагедыі Амэрыка застаецца ў шоку і болю. Пачынаюць таксама зьяўляцца спробы адказаць на пытаньне, як пазьбегнуць падобных трагедыяў. Большасьць мэдыяў i экспэртаў, якія там цытуюцца, аднак, ня кажуць нічога пра абмежаваньне права на валоданьне зброяй. Зьвяртаецца ўвага перадусім на паляпшэньне бясьпекі на тэрыторыі ўнівэрсытэтаў. Можна ўвесьці ўваход па пропусках у студэнцкія будынкі, дэтэктары мэталу, павялічыць колькасьць унівэрсытэцкай аховы ў кампусе, усталяваць маніторынг, павысіць успрымальнасьць студэнтаў і працаўнікоў да магчымых крызісных сытуацыяў і патрэніраваць іх паводзіны ў выпадку ўзьнікненьня такіх.

Так гэта выглядае ва Ўнівэрсытэце Ратджэрз у Нью‑Брансўік, дзе вучыцца 50 тыс. студэнтаў. У кампусе ўсталяваныя тысячы камэраў, увесь час яго патрулююць цалкам узброеныя 58 вартаўнікоў, якім дапамагаюць больш за 100 спэцыяльна падрыхтаваных студэнтаў. Усе будынкі маюць кантраляваныя ўваходы. Аднак кіраўнічка ўнівэрсытэцкай паліцыі Ронда Харыс пазбаўленая ілюзіяў. «Падобных інцыдэнтаў не пазьбегнуць, самае большае, што можна зрабіць, — абмежаваць іх нэгатыўныя наступствы», — кажа яна.

Прадстаўнікі ўнівэрсытэтаў зьвяртаюць таксама ўвагу на тое, што падобны напад лёгка можа здарыцца ў краіне, якая гарантуе сваім жыхарам грамадзянскія правы і свабоды. «У нашым кампусе мы маем шмат вырашэньняў, што павялічваюць бясьпеку, i мы шмат над гэтым працуем, але пакуль мы жывём у дэмакратычным грамадзтве, у нас заўсёды будзе існаваць рызыка нападаў», — сказала Нэнсі Грынштайн з Каліфарнійскага ўнівэрсытэту ў Лос‑Анджэлесе.

Цытаваныя «FOX News» экспэрты згодныя ў адным: падобнай трагедыі нельга пазьбегнуць. «Мы ня можам зрабіць з унівэрсытэтаў зачыненыя клеткі», — кажуць яны.

Узброеная Эўропа

Паводле дадзеных, прыведзеных Маркам Міхалскім у выдаваным польскім Галоўным камандаваньнем паліцыі сэрвісе gazeta.policja.pl, у руках эўрапейцаў знаходзіцца цяпер 67 млн адзінак агнястрэльнай зброі.

У краінах ЭЗ існуе больш за 80 млн адзінак такой зброі, з чаго 80% знаходзіцца ў руках цывільных (17% знаходзіцца ў руках войска, a 3% належаць паліцыі). Найбольш ляяльнае права, што рэгулюе пытаньні валоданьня ёй, пануе ў Нямеччыне і Францыі, а найбольш вострыя рэгуляваньні маюць у сваю чаргу Вялікабрытанія, Галяндыя і Польшча.

У руках французаў знаходзіцца больш легальнай зброі, чым у Чэхіі, Польшчы, Вялікабрытаніі і Даніі разам узятых. Аднак не французы зьяўляюцца найлепш узброенай нацыяй у Эўропе. Першынство належыць фінам, любоў якіх да паляваньняў выклікае тое, што на 100 чалавек 39 валодае легальна зарэгістраванай зброяй. На гэткую ж групу асобаў у Вялікай Брытаніі прыпадае 10 адзінак зброі, у Нямеччыне і Францыі — 30, a ў Галяндыі — 2.

У Польшчы да 2006 г. было выдадзена 315 тыс. дазволаў на валоданьне зброяй, што складае 1,3 адзінак зброі на 100 жыхароў (аднак, паводле ацэнак, без дазволу ў руках палякаў знаходзіцца каля 200 тыс. адзінак зброі). Эўрапейскі сярэдні паказчык складае 17,4 адзінак зброі для 100 жыхароў. Крыху больш у Аўстраліі, Новай Зэляндыі, Канадзе i Аргентыне, дзе нa 100 жыхароў прыпадае 20—25 адзінак зброі. Аднак усіх выперадзілі ЗША, дзе адзін пісталет прыходзіцца на аднаго чалавека. У ЗША ў руках цывільных знаходзіцца ад 238 да 276 млн. адзінак агнястрэльнай зброі. Паводле аўтара гэтых статыстыкаў, вялікая колькасьць зброі ў руках амэрыканскіх грамадзянаў перакладаецца на чорную статыстыку. У выніку выкарыстаньня зброі ў ЗША гіне больш за 30 тыс. Чалавек (дадзеныя з 2000 г.), у Францыі каля 3 тыс., a ў Нямеччыне больш за тысячу.

Павал Высоцкі
Пераклала з польскай Вольга Данішэвіч паводле gazeta.pl

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0