На гарадзенскім піўзаводзе значна зьнізілася вытворчасьць. Канчатковага рашэньня ўласьніка — «Аблхарчпраму» — яшчэ няма, але для ўладаў пытаньне практычна вырашана: стары піўзавод закрыюць, а ў свабоднай эканамічнай зоне «Гродна‑інвэст» зьявіцца новы, і замест уласна гарадзенскага будуць выпускаць замежнае піва. Інвэстар пакуль ня вызначаны, тым больш, што павінен будзе адбыцца тэндэр. Але пад новую вытворчасьць ужо выдзелены чатыры гектары зямлі.

Плюсы і мінусы гарадзенскага піва

У цэнтры гораду я зь цяжкасьцю адшукаў у краме дзьве плястыкавыя бутлі зь мясцовым півам, а яшчэ нядаўна ўлады стваралі ў Горадні перашкоды нават для «лідзкага», і цэлыя халадзільныя шафы былі наладаваныя гарадзенскім півам. Яно, уласна кажучы, ня вытрымала канкурэнцыі, хаця завод існуе з 1877 году. Мы пацікавіліся ў яго дырэктара Андрэя Лосева: ці выпускаецца сёньня піва, ці не?

«Пакуль не магу сказаць ні так, ні не, — адказвае Лосеў. — Таму што скажуць выпускаць — выпускаю, а скажуць не выпускаць — не выпускаю. Так што гэта невялікая камэрцыйная нават, можа быць, таямніца».

У чым жа мінусы гарадзенскага піва? Андрэй Лосеў прызнаецца:

«У кожнага свае традыцыі, у кожнага свае плюсы і мінусы — у кожнага тавару. Мы выпускаем абсалютна натуральны прадукт, без кансэрвантаў. Адзіны мінус, вельмі вялікі мінус, што робіць для гандлю нявыгадным наш прадукт — тэрміны рэалізацыі. Наш прадукт трэба цягам месяцу прадаць, празь месяц піва выпадае ў асадак».

Ці праўда, што ў Горадні магчымы выраб чэскага піва?

Намесьнік кіраўніка адміністрацыі СЭЗ «Гродна‑інвэст» Аляксандар Панамароў паведаміў, што адбываецца пошук новых сучасных тэхналёгій і абсталяваньня, каб прадукаваць на будучым заводзе два мільёны дэкалітраў піва за год.

«Разглядаюцца тры варыянты: поўнасьцю зь бюджэту будзе пабудаваны новы завод і мы купім новыя тэхналёгіі, другі варыянт — сумеснае прадпрыемства, трэці варыянт разглядаецца таксама, паводле яго будзе замежнае прадпрыемства», — расказвае Панамароў.

«Ці праўда, што ў Горадні магчымы выраб чэскага піва?» — пацікавіліся мы ў спадара Панамарова.

Панамароў: «Можа быць чэскага, можа быць германскага, мы размаўляем і з чэскімі, і з германскімі, нават швэдзкія, дацкія фірмы ёсьць ужо. Нам трэба ня проста вырабляць піва, а піва добрай якасьці, якое будзе прадавацца, будзе рэнтабэльным».

Што датычыць працаўнікоў цяперашняга піўзаводу, а іх каля ста чалавек, дык яны атрымаюць працу на новым прадпрыемстве, запэўніў намесьнік кіраўніка адміністрацыі СЭЗ «Гродна‑інвэст» Аляксандар Панамароў.

Гарадзенскія ўлады засьпяшаліся з закрыцьцём піўзаводу таму, што ён стаіць на беразе Нёмана каля самага Старога мосту, які яны зьбіраюцца закрыць на рэканструкцыю. Асноўны будынак піўзаводу знаходзіцца ў былым палацы Сапегаў, які на палац даўно не падобны. У сьпісе помнікаў яго няма, і што зь ім будзе — пакуль невядома.

Сяргей Астраўцоў, Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0