Лідэр NRM Лявон Вольскі расказвае пра новы альбом гурту.

«Наша Ніва»: Калі фанаты NRM змогуць патрымаць у руках новы альбом гурту?

Лявон Вольскі: На наступным тыдні. Хаця на апошнім этапе працы былі праблемы: мастэрынг рабілі ў швэдзкім Гётэборгу, а тамака паблыталі разьмяшчэньне песень. Мы адсылалі матэрыял назад у Швэцыю. Выдадзены альбом будзе ў Польшчы. Запісваліся ж цалкам у Беларусі. Альбом будзе называцца «06».

«НН»: Чаму такая назва?

ЛВ: На альбоме песьні, створаныя ў 2006 годзе. Падзеі на Плошчы натхнілі нас. Яшчэ гэта шосты нумарны альбом NRM. Наш бубнач Алезіс знайшоў шмат сэнсаў гэтай лічбы. І бязьмежнасьць, і крыж. Ён нас і пераканаў.

«НН»: Кулінковіч пра кожны свой новы альбом кажа, што ён найлепшы. Вы можаце сказаць гэта пра «06»?

ЛВ: Пакуль ён не намуляў вушы, я з задавальненьнем магу яго слухаць. Потым стомісься, і стане зразумела, што будзем выконваць на канцэртах, а што — не.

Альбом вельмі рознастылёвы. Ад злосьці і нянавісьці да каханьня. Раней мы асьмельваліся рабіць такое толькі ў супольных праектах. Некалькі кампазыцый выразна рэвалюцыйных («Гадзючнік», «Дахалеры»), можа, і будуць крыху неадэкватнымі, але пісаліся ў час значных для Беларусі палітычных падзеяў. Адсейваць такія песьні лічу глупствам, гэта значная частка нашага жыцьця.

Апошнюю песьню «Мама‑тата» хорам сьпяваюць дзеці ўдзельнікаў гурту. Алезісаву песьню «Кітай» я выконваю на бубнах. «Менск — Мінск» можна лічыць тыповай дваровай песьняй. «Толькі для цябе» — баляда, «Свабоды глыток» — нейкі джаз‑блюз. Толькі гіп‑гоп не пасьпелі запісаць.

«НН»: Як такую рознастылёвасьць успрымуць фанаты?

ЛВ: Дачка нашага сябра Міхала Анемпадыстава сказала, што альбом — суцэльная папса, апроч песьні «Гімн беларускага рок‑н‑рольшчыка». На мой погляд, менавіта яна самая папсовая. Гэта ня наша песьня, мы ўзялі яе з сайту «Музыкальной газеты». Песьню напісаў нейкі Зьміцер. Я шукаў яго праз інтэрнэт, пытаўся на канцэртах, але ніхто не адгукнуўся. Мо праз «НН» знойдзецца. Я пэўны ў гэтых песьнях: гэта ж ня пошукі таннай славы. На тэлевізіі і радыё нас ніхто не паставіць, навошта рабіць папсовыя рэчы. А ў шаснаццаць гадоў я таксама пачаў бы абвінавачваць NRM у папсовасьці.

«НН»: Чаму так доўга пісалі альбом? Цэлыяпяць гадоў.

ЛВ: Разумееце, гэта ж ня праца на фабрыцы. Былі асобныя песьні, але дапісваць да іх нешта яшчэ, дабіваць альбом, было б несумленным з нашага боку. У творчасьці калі ня прэ, то значыць — ня прэ, і нічога з гэтым ня зробіш. Калі ёсьць некалькі старых песьняў, то няхай яны лепш паляжаць, чым рабіць няякасны прадукт.

«НН»: Канцэрты ў падтрымку альбому плянуюцца?

ЛВ: Мяркуем правесьці канцэрт недзе да канца чэрвеня. Трэба пільна сачыць за абвесткамі ў інтэрнэце, бо афішаў ня будзе.

«НН»: Вам ня крыўдна, што даводзіцца граць у маленькіх кухонных клюбах?

ЛВ: Што датычыць маленькіх клюбаў, ня крыўдна, бо там мы маем ні з чым не параўнальную абстаноўку. Вялікія канцэрты мы даём за мяжой. Шкада: гэтая музыка стваралася для грамадзянаў гэтай краіны, імі ж яна найлепш разумеецца. Але для NRM немагчыма атрымаць у Менску нармальную пляцоўку для выступаў. Дырэктары FM‑станцый самі прыдумляюць нейкі фармат. Для іх ужо любая беларускамоўная песьня — нефармат. Гэта поўны абсурд.

«НН»: А на канцэртах «За Беларусь» не хацелася б сыграць?

ЛВ: Дык не запрашаюць. А спакуса заўсёды ёсьць, выйсьці і натварыць там такія рэчы! (Сьмяецца). Некалі раней спрабавалі запрасіць «Крамбамбулю», але да канкрэтнай прапановы справа не дайшла.

«НН»: А ў Беларусі ўвогуле магчыма зарабляць на жыцьцё музыкай?

ЛВ: З кожным годам становіцца ўсё цяжэй. Для гэтага трэба мець некалькі ўжо раскручаных праектаў. З нуля — нерэальна. У нас увесь шоў‑бізнэс крыху местачковы. Гэта відаць па ўсіх канцэртах «За Беларусь».

«НН»: Ці згодныя Вы зь меркаваньнем, што сапраўдны рок застаўся толькі ў Беларусі і нідзе болей?

ЛВ: Гадоў пяць таму гэтая фраза яшчэ была б актуальнай. Калі беларускія гурты прыяжджалі ў Эўропу і давалі там чаду. У Эўропе думалі, што вось нашы каманды зусім ужо камэрцыйнымі сталі, а ў Беларусі — не. Змагаюцца зь нечым. Але ж не дзесяцігодзьдзямі змагацца. Тады ўжо атрымліваюцца прафэсійныя рэвалюцыянэры. Змагацца, канечне, трэба, але, разам з тым, трэба шукаць новыя шляхі ў тэкстах, музыцы.

«НН»: Як цяпер NRM успрымаюць у Эўропе?

ЛВ: У Эўропе цікавяцца ўсім, што зьвязанае зь Беларусьсю. Яны любяць паглядзець на нейкую экзотыку. У Бэрліне арганізатары заўсёды спэкулююць на тым, што гэта рэвалюцыйны гурт, забаронены на Радзіме і г.д. І людзі, канечне, ідуць паглядзець на монстраў. Яны думаюць, што мы выйдзем зь перабінтаванымі галовамі, зь сінякамі пад вачыма. Эўрапейскія СМІ, якія пішуць пра нашы выступы, спэкулююць на выразах кшталту «гурт з дыктатарскай краіны». У Эўропе папросту ёсьць мноства людзей, якія зарабляюць грошы на нашай дыктатуры. Цяпер ужо пачынаюць хадзіць на брэнд NRM. У Польшчы мы калі не на вяршыні гары, то, прынамсі, пасярэдзіне. У Амэрыцы на апошнія канцэрты прыйшла ў асноўным маладая эміграцыя.

«НН»: Вы пачуваецеся жывой легендай беларускага року?

ЛВ: Не пачуваюся. Легенды ня езьдзяць на «субару» 1993 году, яны езьдзяць на «лінкольнах», і не жывуць у аднапакаёвых кватэрах. Каб стаць легендамі, трэба, каб у нас склалася сытуацыя хаця б як ва Ўкраіне. «Океан Ельзи» — ужо жывая легенда ўкраінскага року. А вось «Воплі Відаплясава» — чамусьці не. Я нават ніколі не пачуваўся зоркай. Можа, гэта і мой мінус, але гэта праўда. Музыкам добрым я сябе лічу, выканаўцам, можа быць, і ня вельмі.

«НН»: Што зьмянілася ў гурце між першым і шостым альбомамі?

ЛВ: Мала што. Хіба што крыху зьмяніліся адносіны між удзельнікамі. Мы ня ходзім на дні нараджэньня адзін да аднаго. Затое ходзяць нашы дзеці, і нам усё адно даводзіцца там сустракацца. Я ведаю, напрыклад, Алезіса ўжо больш за 20 гадоў: што ён скажа — я ведаю, што я скажу — ведае ён. Канечне, крыху стаміліся адзін ад аднаго.

«НН»: Часта атрымліваецца зьбірацца разам дзеля рэпэтыцыі?

ЛВ: Перад канцэртамі мы зьбіраемся два‑тры разы, каб не аблажацца. Маглі б гэтага і не рабіць, але робім па‑ранейшаму.

«НН»: Ці ёсьць яшчэ сэнс у існаваньні NRM?

ЛВ: Пэрыядычна такія думкі ўзьнікаюць. Аднак пакуль ідзе вытворчы працэс, спыняцца няма сэнсу. Некалі я ляпнуў, што ў дэмакратычнай краіне наш гурт нікому ня будзе патрэбны. Аднак сёньня я не хачу даваць такія прагнозы. Магчыма, перародзімся ў нешта іншае. Некалі я таксама сказаў, што пасьля 50 гадоў не зьбіраюся займацца рок‑музыкай, цяпер я не магу так адназначна гаварыць. Кіну сьпяваць, толькі калі на Беларусь зваліцца камэта.

Гутарыў Зьміцер Панкавец

***

Лявон Вольскі пра незалежны спадарожнікавы канал

Хай людзі глядзяць ня толькі тое, як у нас усё добра, бульба вялікая, а навокал катастрофы ды неўраджаі. Але справа яшчэ ў тым, што не ва усіх ёсьць магчымасьць глядзець спадарожнікавыя каналы: вось у мяне, напрыклад, зламалася антэна, і рукі ніяк не даходзяць яе адрамантаваць. Дык цяпер паказваюць толькі 5 каналаў: усе, вядома ж, дзяржаўныя. Спачатку я сьмяяўся з гэтае штохвіліннае прапаганды, але цяпер ужо і не да сьмеху.

Людзі, заточаныя пад БТ, і надалей будуць глядзець БТ. Таксама як людзі, звыклыя да унівэрсамаў, ня будуць купляць тавары праз інтэрнэт. Такім чынам, гэты праект зь незалежным спадарожнікавым каналам хутчэй для тых грамадзян, якія хочуць альтэрнатыўнай інфармацыі, але ня могуць яе атрымаць.

Пра сытуацыю ў краіне

У нас цяпер застой, нічога не адбываецца, усё ціхенька. Я пару дзён таму з Амэрыкі вярнуўся і зірнуў на ўсё нібы збоку. Навіны: выступаюць па тэлебачаньні адны і тыя ж, сідорскія, пракаповічы... І тут раптам — раз! — Лукашэнка выступіў, і пайшлі навіны: ён сказаў гэта, сказаў тое. Вось і ўсе навіны ў Беларусі: «Выступіў Лукашэнка і сказаў…»

Пра Сакавік‑2006

Мы хадзілі на Пляц, як на любімую працу, падтрымлівалі маладых людзей, сьмяшылі іх, дадавалі пазытыву, развучвалі разам песьні... Карацей, год запомніўся.

Запісалі Юрась Бусел, Алесь Квіткевіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0