Прэм’ер Брытаніі Тоні Блэр, які сыходзіць зь вялікай палітыкі 27 чэрвеня, даў інтэрвію тэлеканалу «Польсат». Сярод іншага, ён выказаўся пра Расею.

Польсат: Ці Вы ня думаеце, што сапраўднай мэтай Расеі ёсьць цынічны падзел заходняй супольнасьці, ужываючы для гэтага пытаньні сыстэмы супрацьракетнай абароны, і падзел ЭЗ такім чынам, каб аслабіць новых членаў, асабліва Польшчу.

Блэр: Ня ведаю дакладнага адказу на гэтае пытаньне. Аднак ведаю, што калі б стратэгія была такой, яна б была не пасьпяховай. ЭЗ — у цэлым вельмі моцная супольнасьць, што вызнае агульныя каштоўнасьці. Мы ў іх верым. І падставай, чаму я так моцна падтрымліваў уваход Польшчы ў ЭЗ і чаму мы адчынілі для палякаў наш рынак працы, ёсьць тое, што заможная Польшча, якая ёсьць часткай ЭЗ, знаходзіцца ў інтарэсах маёй краіны. Іншай падставай ёсьць тое, што каштоўнасьці, якія складаюць падмурак нашых краін, агульныя. І гэта прычына таго, што нашыя сувязі моцныя.

Калі Расея думае, што яна ў стане падзяліць краіны‑члены ЭЗ, гэтага ня будзе. І таму я кажу, што стасункі паміж Эўропай і Амэрыкай з аднаго боку і Расеяй зь іншага былі б, на маю думку, больш моцнымі і больш адкрытымі, а таксама і больш простымі, калі б у нас былі агульныя каштоўнасьці.

Вольга Данішэвіч паводле gazeta.pl

Фота BBC

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0