3 траўня

Штраф Хведаруку

Судзьдзя Людміла Савасьцян дала Зьмітру Хведаруку 30 мінімальных базавых адзінак (930.000 рублёў) штрафу за ўдзел у «Чарнобыльскім шляху». Днём раней Зьмітра выклікалі на допыт у КДБ, дзе цікавіліся дзейнасьцю салігорскіх, жодзінскіх, нясьвіскіх маладафронтаўцаў.

Флэш‑моб за вольную прэсу

А 18‑й на пляцы Якуба Коласа ў Менску дэмакратычная моладзь правяла флэш‑моб. Маладзёны разгарнулі газэты «Народная воля», «Наша Ніва», «Товарищ» і дэманстратыўна іх чыталі. Міліцэйскі апэратар усіх зьняў на камэру.

У Казуліна новы адвакат

3 траўня палітвязьня Аляксандра Казуліна наведаў у калёніі новы адвакат Зьміцер Гарачка. Паводле зьвестак, якімі ён падзяліўся з дачкой палітыка Юліяй, А.Казулін па‑ранейшаму мае праблемы са здароўем. Тым часам пракуратура Менску адмовілася разглядаць скаргі на зьбіцьцё А.Казуліна 2 сакавіка 2006 г. у фае Палацу чыгуначнікаў, дзе праходзіла рэгістрацыя дэлегатаў Усебеларускага сходу.

4 траўня

Мін’юст ліквадаваў Беллітфонд

Ліквідацыя адбылася з ініцыятывы Міністэрства юстыцыі. Суд не задаволіў просьбу кіраўніцтва арганізацыі аб пераносе справы. Судзьдзя Валеры Самалюк паведаміў, што рашэньне суду не падлягае касацыйнаму абскарджаньню. Мін’юст закідаў кіраўніцтву Беллітфонду шматлікія парушэньні, якія не былі выпраўленыя.

Ляўковіч пакараны штрафам

Судзьдзя Савецкага раёну Людміла Савасьцян пакарала Анатоля Ляўковіча штрафам у 20 базавых велічыняў (620 000 рублёў). В.а. старшыні партыі А.Ляўковіча затрымалі а 12.40, у пятніцу, на праспэкце Ракасоўскага ля офісу партыі БСДП. Яго зьвінавацілі ў арганізацыі несанкцыянаванага шэсьця 1 Траўня.

БРСМ бушуе

Другі дзень ля консульства Эстоніі дзяжурылі прадстаўнікі БРСМ і вэтэраны, якія пратэставалі супраць пераноса помніка савецкім салдатам. У руках мітынгоўцы трымалі савецкія сьцягі і лёзунгі, а таксама партрэты савецкіх правадыроў.

Дзяжурства ў Горадні

У Горадні ад 4 траўня распачата штодзённае дзяжурства моладзі каля будынкаў старой часткі гораду, вызначаных уладамі пад знос.

6 траўня

Акцыя ў абарону касьцёлу Cьвятога Язэпа

Актывісты «Ініцыятывы» правялі акцыю супраць перабудовы касьцёлу Сьвятога Язэпа ў гатэль. Удзельнікі раздавалі ўлёткі каля палацу спорту і ля прыпынку «Няміга». Таксама былі прадэманстраваны мінакам праекты «рэканструкцыі» будынкаў МУС, Менгарвыканкаму і Белсаўпрофу, якія арганізатары акцыі прапануюць зьдзейсьніць замест зьдзеку са старажытнага касьцёлу. У акцыі ўзяло ўдзел каля 20 актывістаў.

7 траўня

Акцыя памяці Юр’я Захаранкі

На Кастрычніцкай плошчы ў Менску адбылася акцыя з нагоды 8‑й гадавіны з дня зьнікненьня былога міністра ўнутраных справаў Юр’я Захаранкі. 14 маладых людзей стаялі з партрэтамі Захаранкі й палітзьняволеных. Акцыя працягвалася каля 10 хвілін. Пасьля ўдзельнікі накіраваліся да сквэру Янкі Купалы. Там да маладых людзей пад’ехалі дзьве машыны міліцыі. Зь іх выйшлі спэцназаўцы й забралі ва ўдзельнікаў акцыі партрэты. Ніхто ня быў затрыманы.

Пікет у абарону Клімава

У Менгарвыканкам пададзеныя заяўкі на правядзеньне 21—22 траўня пікетаў у абарону апазыцыйнага палітыка Андрэя Клімава. Іх зьбіраюцца праводзіць сябры Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Клімаў быў арыштаваны ў Менску 3 красавіка. Падставай для арышту палітыка сталі яго артыкулы, апублікаваныя на сайце АГП. А. Клімаву пагражае да 5 гадоў турмы.

Адкрыты суд над маладафронтаўцамі

Актывістаў незарэгістраванай арганізацыі «Малады фронт» Насту Палажанку, Аляксея Янушэўскага, Зьмітра Хведарука, Алега Корбана і Барыса Гарэцкага пачнуць судзіць 30 траўня. Суд пачнецца а 14.15 у судзе Савецкага раёну Менску. Справу маладафронтаўцаў будзе разглядаць судзьдзя Руслан Аніскевіч. У адрозьненьне ад папярэдніх судоў паводле 193‑га артыкулу (Зьміцер Дашкевіч, актывісты «Партнэрства») гэты будзе адкрытым.

Акцыя «Бунту» ў БНТУ

7 траўня актывісты незарэгістраванай арганізацыі «Бунт» правялі гумарыстычную акцыю «Stop БРСМ». На дзьвярах галоўнага офісу БРСМ Нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту яны прымацавалі лялькі з надпісамі «Гонар», «Сумленьне», «Свабода». Вакол шыі кожнай лялькі быў завязаны БРСМаўскі гальштук. Актывісты расклейвалі ва ўнівэрсытэце налепкі «Сдай друга и получи зачёт автоматом», «Живи веселей, стучи на друзей».

Падчас акцыі здарыўся невялікі канфлікт між актывістамі і функцыянэрамі БРСМ.

8 траўня

Новы сьледчы ў справе Дзянісава

У справе моладзевага актывіста Дзяніса Дзянісава прызначаны новы сьледчы Аксана Муравіцкая. Аднак дагэтуль яна не атрымала матэрыялаў сьледзтва. Дз.Дзянісаў быў адпушчаны 11 красавіка пад заклад са сьледчага ізалятару ў Віцебску. Нагадаем, Дзянісаву прад’яўлена абвінавачаньне паводле арт. 342 КК (арганізацыя дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак і супрацьдзейнічаюць уладзе). Яго затрымалі 18 чэрвеня 2006 г. у Віцебску. Тады група моладзевых актывістаў зь незарэгістраванай арганізацыі «Бунт» вывесіла бел‑чырвона‑белы сьцяг і распаўсюдзіла ўлёткі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0