Дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь прызнаныя, прайшлі апрабацыю і ўвайшлі ў свядомасць грамадства, лічыць доктар гістарычных навук, член Геральдычнага савета пры прэзідэце Сяргей Рассадзін. Пра гэта ён заявіў 10 мая ў Мінску на прэс-канферэнцыі, прысвечанай Дню дзяржаўнага герба і сцяга Беларусі, які адзначаецца 13 мая.

Паводле яго слоў, ідэаграма, якая з’яўляецца часткай беларускага нацыянальнага арнаменту чырвонага колеру на белым полі і адлюстравана на дзяржаўным сцягу краіны, вядомая з глыбокай даўніны. «Яна сімвалізуе сонца над узараным мірным полем», — сказаў вучоны. Паводле яго слоў, колеры і кампазіцыя дзяржаўнага герба Беларусі адлюстроўваюць сацыяльны сэнс дзяржавы, заснаванай на веры ў дабро і справядлівасць. «Таму і дзяржава беларуская адбылася», — падкрэсліў С.Рассадзін.

Намеснік дырэктара НДІ тэорыі і практыкі дзяржаўнага кіравання Акадэміі кіравання пры прэзідэнце доктар філасофскіх навук Леў Крыштаповіч назваў «паваротным у гісторыі» першы рэспубліканскі рэферэндум, што адбыўся 14 мая 1995 года па ініцыятыве Аляксандра Лукашэнкі. Адным з пытанняў, вынесеных на гэты рэферэндум, з’яўлялася ўсталяванне новай дзяржаўнай сімволікі Беларусі. Вучоны назваў «антыгістарычнай» ранейшую дзяржаўную сімволіку краіны (герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сцяг. — БелаПАН.), а цяперашнюю — «гістарычнай і нацыянальнай». Паводле яго слоў, дзяржаўныя сімвалы краіны з’яўляюцца носьбітамі «не агрэсіўнага, а гуманістычнага і міралюбнага зместу» і адлюстрооўваюць прагрэсіўныя ідэі сучаснай сусветнай цывілізацыі.

Намеснік начальніка факультэта Генеральнага штаба Ваеннай акадэміі Беларусі кандыдат гістарычных навук Аляксандр Самовіч заклікаў журналістаў больш шырока асвятляць праблему незаконнага гандлю гістарычнымі дзяржаўнымі ўзнагародамі, якія з’яўляюцца сімваламі доблесці і каштоўнымі творамі мастацтва.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?