- Дзьве з паловай гадзіны аўтобусам —
Еду зь Менску я да Вялейкі.
Ад сталёва‑бэтонных офісаў
Я вяртаюся ў рай свой маленькі.
- Калачуся ў грамадзкім транспарце —
Спасьцігаю яго выгоды.
Млоснасоўганьне гэта ў транс вядзе...
У салоне пах чосныка з потам.
- А абапал дарогі — вёсачкі.
А ў вёсачках люд руплівы:
На вакенцы крыжыкам дошчачкі,
І пайшлі ў сталічныя нівы.
- Каб расквеціць жыцьцё нэонамі,
Каб разжыцца грашыма й важнасьцю,
Пруць сяляне ў цэнтар мільёнамі
Ад радзімы за межы бачнасьці.
- Край стаптаны, зьняможаны, схаяны.
Занядбаныя могілкі й хаткі.
Пасьміхаюцца бюсты‑сталіны,
На манкуртаў гледзячы статкі...
- Ад сталёва‑бэтонных офісаў
Я вяртаюся ў рай свой маленькі.
Дзьве з паловай гадзіны аўтобусам —
Гэта зь Менску і да Вялейкі.
0
0
0
0
0
0