У Мінску прайшлі перамовы беларускай і іранскай дэлегацый у пашыраным складзе з удзелам прэзідэнтаў Аляксандра Лукашэнкі і Махмуда Ахмадзінежада.

Адкрываючы перамовы, А.Лукашэнка выказаў спадзяванне на тое, што яны будуць плённымі і "мы зможам значна прасунуцца наперад па шляху двухбаковага супрацоўніцтва". Ён зазначыў, што візіт іранскага прэзідэнта з'яўляецца сведчаннем вялікага значэння, што надаецца ў Іране адносінам з Беларуссю. Дзякуючы сумесным намаганням беларуска-іранскія адносіны "выйшлі на стратэгічнае супрацоўніцтва", канстатаваў А.Лукашэнка.

Презідэнт выказаў падзяку іранскаму боку за "канструктыўны падыход да развіцця супрацоўніцтва ў нафтагазавай сферы". "Я асабліва ўдзячны за падтрымку нашай краіны ў такім адчувальным пытанні, як здабыча вуглевадароднай сыравіны, - зазначыў А.Лукашэнка. - Вы пайшлі насустрач пажаданням Беларусі, выдзелілі нам радовішча, на якое мы разлічвалі. Спецыялісты яго ўжо даследавалі, і сёння мы гатовы здабываць нафту і на іранскай тэрыторыі".

Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў, што спадзяецца на далейшы рост іранскіх інвестыцый "у стабільную беларускую эканоміку".

У сваю чаргу, прэзідэнт Ірана Махмуд Ахмадзінежад зазначыў, што іранская дэлегацыя прыбыла ў Беларусь "з пасланнем міру, дружбы і згоды". Ён падкрэсліў, што ў Беларусі і Ірана сугучныя погляды на міжнародную палітыку. "У свеце неабходна ствараць баланс. Мы супраць аднапалярнасці і ціску на іншыя дзяржавы", - сказаў кіраўнік Ірана.

М.Ахмадзінежад падкрэсліў, што ў знешняй палітыцы Ірана Беларусь з'яўляецца адным з прыярытэтаў. Ён паведаміў, што 20 мая іранскі парламент ратыфікаваў пагадненне аб прынцыпах супрацоўніцтва з Беларуссю. "Развіццё стратэгічных адносін з Беларуссю з'яўляецца для нас неад'емным правілам", - заявіў іранскі прэзідэнт.

М.Ахмадзінежад паведаміў, што на сустрэчы ў вузкім коле бакі абмеркавалі розныя кірункі беларуска-іранскага супрацоўніцтва. "Нашы погляды падобныя і адзіныя па шырокім коле пытанняў", - канстатаваў ён.

У выніку Аляксандр Лукашэнка і Махмуд Ахмадзінежад падпісалі Сумеснае камюніке па выніках візіту ў Беларусь прэзідэнта Ісламскай Рэспублікі Іран.

Падпісаны таксама: Пагадненне аб супрацоўніцтве ў сферы адукацыі паміж міністэрствамі адукацыі Беларусі і Ірана, Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Нацыянальным банкам Беларусі і Цэнтральным банкам Ірана, Пагадненне паміж Нацбанкам Беларусі і Цэнтральным банкам Ірана аб супрацоўніцтве ў сферы навучання банкаўскага персаналу.

Фота tut.by

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?