У Эўропе адмірае інстытут шлюбу, у Амэрыцы ён моцны, у Афрыцы празь дзесяць гадоў спыніцца эпідэмія СНІДу, а ў Азіі — рост насельніцтва. Беларусі ж пагражае дэмакратура пэнсіянэраў і ўтрыманцаў.

Вітальд Гадомскі: 30 год таму дэмографы палохалі перанасяленьнем сьвету. Сёньня ж усё часьцей можна пачуць пра нэгатыўныя вынікі нізкага натуральнага прыросту. Як сталася, што так радыкальна зьмяніліся прагнозы?

Марэк Акульскі: Гэта не дэмографы палохалі. Так, у 60‑я гг. узрастала гістэрыя вакол г.зв. бомбы D. Зьявіліся малюнкі, дзе перанасяленьне выяўлялася ў форме атамнага грыбу. Але малявалі іх не дэмографы. Бачаньне сьвету, што набліжаецца да катастрофы ў выніку драматычнага росту колькасьці насельніцтва, пашыралі хутчэй публіцысты, чым навукоўцы. Падобным чынам думалі аўтары першага дакладу Рымскага клюбу.

Аднак пасьля Мальтуса [Томас Робэрт Мальтус, брытанскі эканаміст, памёр у 1834 г.] ніводзін сур’ёзны дэмограф не заяўляў, што колькасьць насельніцтва павялічваецца сталымі тэмпамі. У сярэдзіне ХХ ст. дэмографы лічылі, што перанасяленьне Зямлі стабілізуецца на ўзроўні 11‑12 млрд. Сёньня яны крыху скарацілі свае прагнозы — лічыцца, што максымальная колькасьць насельніцтва складзе 9‑10 млрд.

Іншымі словамі, у пэўны момант колькасьць насельніцтва перастане расьці. Чаму?

— Гэта вынікае з тэорыі дэмаграфічнага пераходу, паводле якой, усе краіны праходзяць падобны цыкл. Цягам большай часткі гісторыі нараджальнасьць была вельмі высокай. Так мусіла быць, калі папуляцыя выжыла нягледзячы на высокую сьмяротнасьць. Аднак у пэўны момант сьмяротнасьць падае — у выніку мадэрнізацыі, у тым ліку і росту ўзроўню жыцьця, паляпшэньня гігіены, больш лёгкага доступу да ежы — пакуль не становіцца вельмі нізкай. Тым часам пачынае скарачацца нараджальнасьць. Падчас гэтых зьменаў грамадзтва, аднак, праходзіць этап, калі ўсё яшчэ захоўваецца вельмі высокая нараджальнасьць, хаця сьмяротнасьць скарачаецца. У выніку натуральны прырост робіцца сьпярша вельмі высокім, а пасьля пачынае сыстэматычна падаць, да самага нуля.

У Эўропе гэты этап праходзіў без асаблівых праблемаў, бо дэмаграфічныя зьмены адбываліся цягам многіх год, да таго ж нашаму кантынэнту было куды высылаць лішак насельніцтва. Аднак калі ў 50‑х і 60‑х гг. мінулага стагодзьдзя краіны Трэцяга Сьвету пачалі ўваходзіць у этап хуткага дэмаграфічнага прыросту, шмат якія палітыкі пачалі баяцца. Нельга было сабе ўявіць, што іншыя кантынэнты былі здольныя прыняць такую колькасьць людзей, а зь іншага боку, не разумелася, што дэмаграфічныя працэсы ў краінах Трэцяга Сьвету праходзяць больш інтэнсіўнага, чым у Эўропе, — што азначае, што экспансія адбываецца раптоўна, але будзе цягнуцца меней часу.

У вялікай ступені з прычыны ўмяшаньня дзяржавы, дзьве найбольш населеныя краіны сьвету — Кітай і Індыя — гадамі праводзілі актыўную, часам брутальную палітыку абмежаваньня натуральнага прыросту.

— І дарма. У 60‑х гг. амэрыканцы пачалі прапагандаваць на форуме ААН праграмы дапамогі слаба разьвітым краінам, якія ставілі іх у залежнасьць — яны мусілі абмяжоўваць натуральны прырост. У Індыі праграмы стэрылізацыі насельніцтва былі вельмі дарагімі і выклікалі вялікае сацыяльнае напружаньне, а выніку ад іх ніякага не было. Калі ад іх адмовіліся, і здавалася, што ўрад нічога ня мог зрабіць, прырост аўтаматычна пачаў скарачацца. Гэта выклікалі працэсы мадэрнізацыі.

Сёньня мы маем справу з адваротнай праблемай. Шмат у якіх эўрапейскіх краінах, а таксама ў Кітаі, дэмаграфічныя паказьнікі ўпалі ніжэй за ўзровень, які гарантуе простую рэпрадукцыю — гэта ўжо ня рост, а толькі няпоўнае ўзнаўленьне колькасьці насельніцтва ў наступным пакаленьні.

Якімі будуць вынікі гэтага?

— Надыдуць вялізныя зьмены ў дэмаграфічнай структуры. Калісьці насельніцтва ў генэратыўным узросьце — што было амаль раўназначна прадуктыўнаму ўзросту — складала каля паловы папуляцыі. Амаль палова зь іх была моладзь і дзеці, старых было вельмі мала. Сёньня шмат у якіх краінах Эўропы мы набліжаемся да становішча, калі постпрадуктыўная група большая за дапрадуктыўную.

Калі гэтая тэндэнцыя захаваецца, ці змогуць грамадзтвы функцыянаваць?

— Безумоўна, не. Людзі ў эўрапейскіх краінах маюць пэўныя чаканьні адносна ўзроўню жыцьця i сацыяльных стандартаў. Калі ж будзе захоўвацца перавага асобаў у постпрадуктыўным узросьце, i ня будзе дазваляцца наплыў імігрантаў, то дойдзе да спробаў абмежаваць прывілеі пэнсіянэраў i ў выніку — да сацыяльнага канфлікту. Калісьці Петэр Друкер, выбітны спэцыяліст у мэнэджмэнце, перасьцерагаў: «Вы, маладыя, знаходзіцеся ў пройгрышнай пазыцыі, бо, пакуль не ліквідуецца дэмакратычная сыстэма, мы, старыя, не дамо адабраць у нас прывілеяў». Адзіным спосабам, каб пазьбегнуць канфлікту, ёсьць павелічэньне паказчыкаў нараджальнасьці.

Ня думаю, каб пад уплывам перасьцярогі Друкера маладыя людзі зьмянілі свае прэфэрэнцыі i стыль жыцьця. Сёньня яны ўсё часьцей хочуць мець максымум адно дзіця.

— Галоўная праблема — гэта не велічыня папуляцыі, а яе структура. Нідзе не сказана, што Польшча мусіць мець 40 млн. людзей. Можа, хопіць і 30 млн. Праблемы пачнуцца тады, калі занадта зьменшыцца колькасьць людзей рэпрадуктыўнага ўзросту і павялічыцца колькасьць пэнсіянэраў. Гэта ня толькі праблема Эўропы. Сытуацыя выглядае яшчэ горш у Расеі, а ў хуткім часе такая ж сытуацыя складзецца і ў Кітаі.

Паказьнікі нараджальнасьці ў Кітаі скараціліся ніжэй за ўзровень, неабходны для ўзнаўленьня папуляцыі. Афіцыйны паказьнік дзетнасьці — колькі дзяцей нараджае жанчына на працягу свайго жыцьця — складае там 1,8. Паводле незалежных дасьледаваньняў — 1,5. Гэты паказьнік павінен складаць прынамсі 2,1, каб папуляцыя магла ўзнаўляцца. Ніжэй за два ён упаў ужо напрыканцы 70‑х гг, толькі што ніхто не зьвяртаў на гэта ўвагі, бо ў Кітаі жыве больш за мільярд людзей. За некалькі дзясяткаў год у Кітаі зьявіцца вялізная колькасьць старых людзей. Трэба будзе знайсьці грошы на іх утрыманьне.

A Расея?

— Гэта краіна, дзе на працягу бліжэйшых 25‑30 гадоў колькасьць насельніцтва зьменшыцца найбольш — недзе на 30 адсоткаў. Паўстагодзьдзя таму яна была ў дзесяць разоў большая, чым у Віетнаме — праз 50 гадоў будзе меншая. А гэта азначае маргіналізацыю. Ня можа быць палітычнай сілай краіна, дзе так моцна скарачаецца колькасьць насельніцтва.

Некаторыя сцэнары прадбачаць экспансію кітайскага насельніцтва на Сібір і ісламскага насельніцтва ў самой Расеі. Ці гэта рэальна?

— Можа быць. Кітайска‑расейская мяжа — гэта пустэча, і ўжо ў часы СССР дапускалася нелегальная ці паўафіцыйная калянізацыя Сібіры кітайцамі. Сёньня гэтая калянізацыя пашыраецца і адбываецца з блаславеньня расейскіх губэрнатараў. Аднак у хуткім часе Кітай будзе мець праблемы з сваёй дэмаграфіяй, і ня думаю, каб ён быў здольны вывезьці вялікія лішкі насельніцтва.

Зь ісламам іншая гісторыя. Эўрапейскі досьвед паказвае, што мусульманскія эмігранты, хоць і маюць праблемы з культурнай адаптацыяй, вельмі хутка пераймаюць дэмаграфічныя мадэлі грамадзтва, у якім яны «гасьцююць». У сваіх краінах яны захоўваюць высокую нараджальнасьць, аднак пасьля перасяленьня ў Эўропу зьмяняюць мадэль сям’і на эўрапейскі. Яшчэ ў часы СССР шмат у якіх азіяцкіх рэспубліках назіралася незвычайна хуткае скарачэньне дзетнасьці, хаця яны і не былі так сэкулярызаваныя, як Расея.

Вы намякаеце, што ня маюць рацыі тыя францускія палітыкі і публіцысты, якія сьцьвярджаюць, што празь некалькі дзясяткаў год у іх краіне будзе дамінаваць прышлае мусульманскае насельніцтва?

— І ня маюць. У мусульманскіх сем’ях нараджаецца болей дзяцей, чым у сем’ях карэнных французаў — але гэтая тэндэнцыя не захаваецца працяглы пэрыяд. Сем’і імігрантаў вельмі хутка прыстасоўваюцца да мадэлі, што дамінуе ў Францыі. У апошнія 30 год нараджальнасьць мусульманскіх сем’яў скарацілася ўдвая — недзе з шасьці дзяцей да прыкладна трох.

Чаму Злучаныя Штаты маюць лепшыя дэмаграфічныя паказьнікі, чым Эўропа?

— Відаць, найбольш верагодным тлумачэньнем ёсьць тое, што ў ЗША не заняпаў дух сям’і, што, напэўна, зьвязанае з пратэстанцкімі каранямі гэтай краіны.

Як будзе выглядаць папуляцыя сьвету напрыканцы XXI стагодзьдзя?

— Дэмаграфічныя прагнозы, падрыхтаваныя пад эгідай ААН, не сягаюць у настолькі далёкія часы. Але ёсьць дастаткова ўсебаковыя прагнозы да 2050 году. У сярэдзіне стагодзьдзя краінай з найбольшай колькасьцю насельніцтва будзе Індыя — Кітай апусьціцца на другое месца. У першым дзясятку апынуцца некалькі афрыканскіх краінаў: Нігерыя, Конга. У другім дзясятку будуць Уганда, Этыёпія, Эгіпт. Афрыка будзе кантынэнтам з найбольш хуткім ростам колькасьці насельніцтва. У сярэдзіне XX стагодзьдзя Эўропа была ў тры разы больш населеная, чым Афрыка, у сярэдзіне XXI у Афрыцы будзе жыць у два разы болей людзей, чым у Эўропе. Недзе празь дзесяць год эпідэмія СНІДу ў Афрыцы спыніцца, што выкліча скарачэньне сьмяротнасьці.

Гэта вельмі аптымістычная інфармацыя, проста сэнсацыйная. Чаму яна ня трапіла да грамадзтва.

— Бо лягчэй трапляюць страшылкі. Гэта, канечне, не адбудзецца з дня на дзень, з хуткасьцю мэдыйных навінаў — але адбудзецца. Гэткая па‑просту дынаміка кожнай эпідэміі.

Як Вы тлумачыце польскія дэмаграфічныя зьмены за апошнія 20 год? Мы былі краінай з адным з найбольш высокіх у Эўропе паказьнікаў нараджальнасьці, а цяпер мы апусьціліся на адно з апошніх месцаў.

— Нізкая нараджальнасьць тыповая для ўсіх посткамуністычных краінаў. З практыкі дэмаграфічнага пераходу вынікае тэорыя, што ў краінах, у якіх зьмены колькасьці насельніцтва пачынаюцца пазьней, гэты працэс праходзіць хутчэй. У Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе найважнейшай прычынай дэмаграфічных зьменаў ёсьць крызіс сям’і, што грунтуецца на шлюбе. На нашым кантынэнце ўсеагульны і даступны для ўсіх інстытут шлюбу зьявіўся адносна нядаўна і існаваў нейкія 200 год. На дадзены момант ён зноў робіцца ўсё больш рэдкім ці адкладваецца. І гэта галоўная прычына зьніжэньня дзетнасьці. У посткамуністычных краінах гэты працэс праходзіць вельмі хутка. Мэдыі трымаюцца поглядаў, што часам называюць «постмадэрновымі». Ня будзем забывацца таксама на вынікі трансфармацыі — распад апякунскай дзяржавы, рызыку страты працы.

Гэта праўда, жанчына пасьля вяртаньня з мацярынскага адпачынку мае прынамсі абмежаваныя шанцы на павышэньне. Але калі нараджаліся мае дзеці — у 80‑х гг. — сытуацыя была больш драматычная. Набыцьцё ежы для немаўляці было нялёгкай справай. А тады ж адбываўся дэмаграфічны бум.

— Бум — гэта перабольшваньне. Канечне, на пачатку 80‑х гг. паказьнік нараджальнасьці ўзрос з 2,1 да 2,4 дзіця на сям’ю, але пасьля 1984 г. прыходзіць выразнае скарачэньне гэтага паказьніку. Памятайма, аднак, што да канца 80‑х гг. шлюб у Польшчы быў нечым усеагульным — каля 95 адсоткаў жанчынаў выходзілі замуж. У 90‑х гг. гэты паказьнік пачаў рэзка скарачацца і сёньня складае 60 адсоткаў. Іншымі словамі, амаль палова полек вырашае — прынамсі пакуль — ня браць шлюбу. Паколькі пазашлюбныя дзеці па‑ранейшаму ў Польшчы рэдкая зьява, скарачэньне колькасьці шлюбаў ёсьць галоўнай прычынай скарачэньня нараджальнасьці.

Чаму маладыя палякі і полькі перасталі браць шлюб?

Зьмянілася іх мадэль функцыянаваньня ў грамадзтве. Калісьці малады чалавек ствараў сям’ю, калі дасягаў паўналецьця і знаходзіў першую працу. Сёньня мы спачатку робім кар’еру, а трывалыя стасункі зьяўляюцца пазьней. На гэта накладаецца сытуацыя на рынку працы. Абцяжараныя сям’ёй маюць меншыя шанцы, каб зрабіць кар’еру, а беспрацоўе ў такой сытуацыі асабліва адчувальнае.

Некалі вёска была асноўнай крыніцай натуральнага прыросту. А як сёньня?

— Сацыяльныя зьмены адбываюцца там хутчэй, чым у горадзе. Калі гаворка ідзе пра колькасьць пазашлюбных дзяцей, на першым месцы ў Польшчы знаходзіцца ня горад, а заходнепаморская вёска, на другім — любуская. Там нараджаецца прапарцыйна болей пазашлюбных дзяцей, чым, напрыклад, у Варшаве. Даўней, калі 16‑ ці 18‑гадовая дзяўчына ў вёсцы зацяжарвала, сям’я схіляла маладых да шлюбу і ладзіла шумнае вясельле. Нараджалася першае дзіця, пасьля наступнае. Сёньня бацькі такой дзяўчыны лічаць за лепшае ўтрымліваць дачку зь дзіцём, чым дадаткова яшчэ беспрацоўнага зяця. Так, дарэчы, дасьледаваньні, праведзеныя ў Вугоршчыне, даводзяць, што фактарам, які стрымлівае многіх маладых перад шлюбам, ёсьць вялізныя выдаткі на вясельле.

З гэтага вынікае, што ўплыў Касьцёла на звычаі і сем’і невялікі?

— Так. Каталіцкая Польшча была на чале краінаў па колькасьці абортаў. Сёньня Касьцёл абвяшчае дух традыцыйнай сям’і, аднак больш моцнымі зьяўляюцца фактары, якія вызначаюць мадэль, супрацьлеглую гэтаму духу.

Ці гэта азначае, што мы асуджаныя на далейшае зьмяншэньне паказьнікаў нараджальнасьці, старэньне і зьмяншэньне грамадзтва?

— Цяжка адназначна прадвызначыць. У апошніх кварталах 2005 г. і на пачатку мінулага — гэта апошні пэрыяд, за які мы маем дэталёвыя дадзеныя — можна заўважыць лёгкае павелічэньне колькасьці нараджэньняў і шлюбаў. Ня выключана, што паказьнік нараджальнасьці паволі павышаецца. Менш дзяцей нараджаюць больш маладыя жанчыны, а расьце колькасьць нараджэньняў сярод жанчынаў, якім болей за 26 год. Проста павялічыўся ўзрост заключэньня шлюбаў i нараджэньня дзіцяці. Я паказваў гэтыя дадзеныя спадарыні міністар Клюзік‑Расткоўскай, пераконваючы яе разважваць пры выдаткоўваньні грошаў на прасямейную палітыку. Можа, i бяз тых выдаткаў, якія сур’ёзна абцяжарваюць бюджэт дзяржавы, полькі пачнуць нараджаць болей дзяцей.

Ці дэмаграфічная палітыка, накіраваная на павелічэньне колькасьці нараджэньняў, можа быць пасьпяховай? У Польшчы асноўным прыкладам такой палітыкі зьяўляецца Францыя.

— Гэта ня так проста. У мінулым годзе паказьнік нараджальнасьці перавысіў у Францыі магічную мяжу дваіх дзяцей на сям’ю, аднак больш дакладныя дадзеныя паказваюць, што сярод карэнных французак ён ужо шмат год стабільны і выразна ніжэйшы за два, затое выразна вышэйшы ў сем’ях імігрантаў.

Францыя, дэмаграфічныя праблемы якой пачаліся яшчэ да II Усясьветнай вайны, ажыцьцяўляла ў 30‑х гг. палітыку павышэньня нараджальнасьці. У 1938 г. быў прыняты сямейны кодэкс, які рыгарыстычна забараняў аборты і абмяжоўваў магчымасьць разводаў. Разам з гэтым была ўведзеная дапамога сем’ям, што прызначалася перадусім шматдзетным сем’ям. Вынікі гэтай палітыкі былі мінімальныя.

Нават у бяднейшых сем’ях?

— Так. У бяднейшых сем’ях часта нараджаецца болей дзяцей, але гэта вынікае зь ніжэйшага ўзроўню адукацыі, што выклікае менш пасьпяховае прымяненьне розных мэтадаў рэгуляваньня нараджэньняў. З палітыкай павышэньня нараджальнасьці гэта мае няшмат агульнага.

Ці будзе ў Польшчы хваля імігрантаў?

— Імігрантаў прыцягваюць краіны, прывабныя эканамічна, аднак у краіне павінна таксама існаваць сетка імігрантаў, якія ўжо там жывуць. Адныя імігранты прыцягваюць іншых. Таму сярод палякаў гэтак папулярныя сёньня Вялікабрытанія і Ірляндыя, але не Фінляндыя— якая прапануе высокую сацыяльную дапамогу, такая ж багатая, як і тыя краіны.

Польшча, прынамсі ў бліжэйшыя гады, ня будзе месцам значнага наплыву імігрантаў. У краінах Усходняй Эўропы, адкуль магла б паступаць працоўная сіла, дэмаграфічная сытуацыя робіцца драматычнай. Разам з тым эканамічная прывабнасьць Польшчы меншая, чым у большасьці краінаў Эўразьвязу, дзе імігранты з Усходняй Эўропы маюць ужо свае сеткі. Мы думаем, ці адчыняць рынак працы для ўкраінцаў, а тым часам яны ўжо праклалі сабе шляхі ў Гішпанію і Італію. Румыны, якіх так баяцца ў Заходняй Эўропе, патрапілі ў Гішпанію, Партугалію і Італію. Там у іх ёсьць сетка, што прыцягвае наступных імігрантаў.

Хіба няма аніякага спосабу, каб схіліць людзей да нараджэньня дзяцей?

— Можна было б разглядаць якія‑небудзь аўтарытарныя сродкі, чаго, канечне, не рэкамэндую. У 1966 г. Дыктатар Румыніі Нікалае Чаўшэску ўвёў забарону абортаў i жорсткае пакараньне для лекараў за перапыненьне цяжарнасьці, уключаючы і сьмяротнае пакараньне. Жанчыны ў генэратыўным узросьце павінны былі безупынна рабіць гінекалягічныя дасьледаваньні, якія выяўлялі, ці яны цяжарныя. Эфэкт быў неверагодны. Колькасьць нараджэньняў узрасла з 600 тыс. да мільёна, а праз чатыры гады — зьнізілася да 500 тыс. Нягледзячы на жорсткія рэпрэсіі, румынкі не пачалі нараджаць болей дзяцей. А гэты аднагадовы ўзрост нараджэньняў шмат год заставаўся праблемай. Трэба было для дзяцей таго году нараджэньня падвоіць колькасьць месцаў у школах, унівэрсытэтах, колькасьць працоўных месцаў.

У нармальнай краіне жанчына самастойна ці разам з партнэрам прымае рашэньне пра нараджэньне дзіця i нельга яе схіліць да рашэньня, што супярэчыць ейнай волі. Калі яна будзе мець патрэбу завесьці дзяцей, то яна іх народзіць. Некалі эканамічныя прычыны вызначалі неабходнасьць мець шмат дзяцей. Гаворка ішла як пра рукі для працы па гаспадарцы, так і пра апеку над старымі бацькамі. Сёньня гэтыя матывы зьніклі. Застаецца верыць, што інстынкт захаваньня віду дастаткова моцны, каб чалавецтва не перастала размнажацца.

***

Праф. д‑р. н. Марэк Акульскі — дэмограф, кіраўнік Цэнтру дасьледаваньняў міграцыяў і Катэдры дэмаграфіі Варшаўскага ўнівэрсытэту, выкладчык Вышэйшай школы сацыяльнай псыхалёгіі

Пераклад Вольгі Данішэвіч паводле gazeta.pl

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0