23 мая Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу прыме ў двух чытаннях праект закона «Аб дзяржаўных сацыяльных ільготах, правах і гарантыях для асобных катэгорый грамадзян». Пра гэта БелаПАН паведаміў старшыня пастаяннай камісіі па працы, сацыяльнай абароне, справах ветэранаў і інвалідаў Сяргей Камянецкі.

Пры гэтым парламентарый падкрэсліў, што льготы не адбіраюцца, а ўпарадкоўваюцца. «Частка льгот застаецца, а астатняя частка пераразмяркоўваецца, — сказаў ён. — Дзяржаўная дапамога будзе раздавацца не ўсім, а толькі тым, хто мае патрэбу».

С.Камянецкі зазначыў, што льготы ўсім інвалідам, удзельнікам вайны, героям Савецскага Саюза застаюцца ў поўным аб’ёме. «Але льготы менавіта ім, а не іх сем’ям», — падкрэсліў парламентарый. Гаворачы аб ліквідатарах наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, С.Камянецкі зазначыў: «Ліквідатары, якія сталі інвалідамі, ніякіх ільгот не пазбаўляюцца. А ўсе астатнія — гэта не ліквідатары, гэта так. На два дні з’ездзіў у камандзіроўку і тое яшчэ пад пытаннем, ці з’ездзіў».

Паводле слоў дэпутата, законапраект набудзе моц праз паўгода пасля апублікавання, гэта значыць да Новага года ўсе льготы будуць дзейнічаць. У той жа час, як зазначыў С.Камянецкі, за тры месяцы павінен быць распрацаваны праект указу прэзідэнта аб аказанні адраснай сацыяльнай дапамогі.

С.Камянецкі зазначыў, што тры дэпутаты дэлегаваныя ў рабочую групу, якая займаецца распрацоўкай указу. «Дэпутаты не дазволяць зрабіць так, каб чыноўнікі зноў стваралі нейкія перашкоды для атрымання адраснай сацыяльнай дапамогі чалавеку, які мае патрэбу, — сказаў С.Камянецкі. — Думаю, што адрасная дапамога будзе эфектыўнай»

БелаПАН

фотаздымак з сайту Палаты прадстаўнікоў

Падрабязная біяграфія дэпутата Камянецкага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0