Яшчэ адзін беларускі пісьменьнік наважыўся адкрыць пэрсанальны сайт у Інтэрнэце. Ім стаў вядомы літаратар і гісторык Уладзімер Арлоў, ягоная ўэб‑старонка разьмяшчаецца на наступным адрасе: www.arlou.org.

Сайт пакуль вельмі просты. На галоўнай старонцы разьмешчана невялікая біяграфічная даведка пра пісьменьніка, а таксама цытата з часопісу ARCHE: «Уладзімер Арлоў — майстар гістарычнае прозы, іранічны эсэіст. Філіграннае валоданьне стылем і сакавіта‑грубаваты гумар зрабілі яго адным з самых папулярных пісьменьнікаў краіны». Таксама на галоўнай старонцы зьмешчаная душэўная выява пісьменьніка, намаляваная паводле славутага здымка Дзяніса Раманюка.

Мэню сайту падзяляецца на шэсьць разьдзелаў: жыцьцяпіс, кнігі, творы, крытыка, фотаальбом і гасьцёўня. Штопраўда, апошні яшчэ не працуе. У разьдзеле «жыцьцяпіс» зьмяшчаецца эсэ Арлова «Мае Альфа і Амэга». З разьдзелу «кнігі» можна дазнацца, што аўтар у сваёй бібліяграфіі мае ўжо трыццаць два выданьні. На некаторыя зь іх зьмешчаныя караценькія анатацыі. Ёсьць таксама выбраныя эсэ і апавяданьні Арлова. У разьдзеле «крытыка» пакуль сабраныя артыкулы толькі з часопісу «Крыніца» і толькі за 2002 год.

Таксама разьмешчаныя 16 фотаздымкаў пісьменьніка.

Сайт аформлены ў мяккіх зялёных колерах. Артыкулы зьмяшчаюцца, як на «тарашкевіцы», так і на «наркамаўцы». Няма rss‑стужкі, але пакуль у ім няма і вялікай патрэбы: ніякіх навінаў пра творчасьць пісьменьніка на сайце не знайсьці.

Хацелася б прычакаць на старонцы і асабістага блогу Ўладзімера Арлова. Сайт толькі што пабачыў сьвет і знаходзіцца ў стадыі распрацоўкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?