Палітвязень Мікола Статкевіч, якога сёньня могуць вызваліць умоўна‑датэрмінова, пракамэнтаваў падзею НН. «Усё вельмі няпэўна, тым больш што я адзіны, хто не падпісаў заяву на імя Натальлі Пяткевіч». Па яго словах, яму, ці яго адвакату было прапанавана напісаць прашэньне на імя Пяткевіч, што магло б паспрыяць датэрміноваму вызваленьню. Сп. Статкевіч без энтузіязму ставіцца да магчымага вызваленьня: «Я не хачу заахвочваць тэрарыстаў, бо наколькі ведаю, пытаньне стаіць пра вяртаньне Беларусі прэфэрэнцыяў». Ён кажа, што нігерыйскія баевікі былі сьціплейшыя за беларускія ўлады — тыя патрабавалі за вызваленьне беларускай грамадзянкі каля мільёну даляраў, а беларускі ўрад, у выпаду станоўчага вырашэньня пытаньня, атрымае 400 мільёнаў эўра.

«Мне добра і тут — птушкі сьпяваюць, кветкі, вольнае паветра» — сьмяецца палітык.

Павал Севярынец у сваю чаргу патлумачыў сэнс заяваў на імя Натальлі Пяткевіч. Сваякі палітвязьяў разам з адвакатамі падрыхтавалі ў пракуратуру дакумэнты, якія сьведчаць аб тым, што крымінальныя справы супраць палітыкаў вяліся з парушэньнем заканадаўства. А таму гэтыя справы патрабуюць перагляду. Паколькі менавіта Натальля Пяткевіч вяла з памочнікам дзяржсакратара ЗША Дэвідам Крамэрам перамовы аб магчымым вяртаньні Беларусі эканамічных прэфэрэнцыяў наўзамен на вызваленьне палітвязьняў, ёй таксама паведамілі пра хібы ў вядзеньні крымінальных справаў. Адвакат Севярынца Павал Сапелка таксама зрабіў адпаведную заяву.

Тым часам Вярхоўны суд Беларусі адмовіў адвакатам Аляксандра Казуліна ў задавальненьні іх нагляднай скаргі на прысуд палітыку. Адмысловы дакумэнт падпісаў намесьнік старшыні Вярхоўнага суду Валер Калінковіч, паведамляе Радыё Свабода.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?