Цяпер міліцыянты будуць расшукваць «невядомага зламысьніка», які, паводле вэрсіі сьледзтва ў нядзелю раніцай з тэлефоннага аўтамату паведаміў, што будынак па вул.Будзённага, 48а, дзе адбываўся ўстаноўчы сход «Руху За свабоду!», замінаваны. Пра гэта распавёў карэспандэнту «НН» намесьнік начальніка аддзела дазнаньня РАУС Павал Койта.
Нагадаем, у «размінаваньні» будынку, дзе месьцяцца польскае генэральнае консульства, офісы рэгіянальных аддзяленьняў апазыцыйных партыяў (БНФ, АГП, ПКБ) і грамадзкіх арганізацый, бралі ўдзел падразьдзяленьні ўсіх сілавых ведамстваў (бадай, акрамя КДБ): УУС, ДАІ, МНС, «Ахова», сапёры.
У выніку ледзь ня быў сарваны ўстаноўчы сход «Руху За свабоду», які ў памяшканьні Таварыства беларускай школы праводзіў лідэр аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч. На загад міліцыі эвакуявацца дэлегаты замкнуліся ў кабінэце, за паўгадзіны прынялі статут новай арганізацыі і абралі кіраўніцтва.
Цяпер, паводле словаў Паўла Койты, запіс голасу, які паведаміў пра «замініраваньне» будзе вывучацца з мэтай «устанавіць асобу зламысьніка»





