Камітэту дзяржаўнай бяспекі Беларусі нічога не вядома аб масавым расстрэле прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі ў ноч на 30 кастрычніка 1937 года. Пра гэта гаворыцца ў лісце кіраўніка КДБ сустаршыням грамадскага аргкамітэта па ўвекавечанні памяці ахвяр рэпрэсій перыяду сталінізму, паведаміў БелаПАН сакратар аргкамітэта Уладзімір Раманоўскі.

Паводле яго слоў, ліст быў атрыманы ў адказ на запыт, накіраваны ў КДБ 16 красавіка, за подпісамі сустаршыняў камітэта Радзіма Гарэцкага, Уладзіміра Коласа і Васіля Якавенкі аб выясненні месцаў пахавання 69 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, расстраляных супрацоўнікамі НКУС у ноч на 30 кастрычніка 1937 года. Аналагічны запыт быў таксама накіраваны ў МУС Беларусі.

Даследчык тэмы сталінскіх рэпрэсій Ігар Кузняцоў паведаміў БелаПАН, што 18 мая яму патэлефанаваў супрацоўнік Міністэрства ўнутраных спраў Уладзімір Антонаў, які прапанаваў выслаць спіс рэпрэсаваных на рускай мове, таму што ў МУС адсутнічаюць магчымасці для перакладу беларускамоўнага спісу. "Паколькі, паводле слоў У.Антонава, міністэрства не мае звестак пра ахвяры, плануецца накіраваць спіс у адпаведныя расійскія структуры. Аднак расійскія архівы могуць мець толькі спісы расстраляных, але не звесткі пра іх пахаванні. Паколькі ўся інфармацыя такога кшталту знаходзіцца ў архіве КДБ Беларусі, айчыннаму МУС варта было б накіраваць запыт у гэтае ведамства", - лічыць вучоны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?