У сымбалічнай акцыі прынялі ўдзел праваабаронца Вячаслаў Сіўчык, мастакі Алесь Пушкін ды Юрась Палякоў, дызайнэр Юрась Мяккі, грамадзкія актывісты Алесь Мазур і Анатоль Аскерка.

Пра Юрку Моніча распавёў Вячаслаў Сіўчык: «Юрка Моніч быў адным з самых пасьпяховых беларускіх партызанаў. Нарадзіўся у 1890 годзе. Выйшаў зь сялянскай сям’і, вывучыўся на настаўніка і быў мабілізаваны на фронт. Вучыўся вайсковаму майстэрству, за асабістую мужнасьць атрымаў георгіеўскі крыж. У часе Слуцкага збройнага чыну быў блізкім паплечнікам Лукаша Семенюка, служыў у яго аддзеле. Пасьля сьмерці Лукаша, аддзел пад камандаваньнем Моніча пачаў дзейнічаць аўтаномна.

У Барысаўскім павеце партызаны кантралявалі некалькі валасьцей. І цяпер у гэтай мясцовасьці ўзгадваюць добрым словам монічаўцаў, што ў часы харчразьвёрсткі баранілі сялянаў і раздавалі ім харч. Найбольш яскравую акцыю Моніч зладзіў у 1923 г., калі спыніў цягнік «Бэрлін-Масква», у якім ехалі ангельскія, францускія ды італьянскія дыпляматы, а таксама савецкія чыноўнікі. Апошнім у прысутнасьці дыпляматаў на загад Моніча далі па сорак шомпалаў. Гэта выклікала гістэрыку ў Маскве і сюды выслалі карны аддзел ГПУ, які ў 1924 г. ліквідаваў партызанскі атрад.

Юрка Моніч загінуў 23 траўня таго году. Яго зьнявечанае цела доўга вазілі па навакольных вёсках. З таго часу лес, у якім атабарыліся партызаны, завуць Монічавым. Па яго сьмерці пайшла традыцыя на соснах выразаць крыжы». Сёлета, таксама на сасьне, быў усталяваны шасьціканцовы крыж з подпісам «Юрка Моніч. 1890—1924. Змагару за Беларусь».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?