На днях адбудзецца КДС. Загадзя можна прадбачыць вынікі гэтага мерапрыемства. Нават нецікава становіцца ад гэтай мышынай валтузьні. Калі б толькі гэта было непатрэбнае мерапрыемства, то гэта была б палова бяды. Але гэта мерапрыемства наносіць шкоду барацьбе, уводзіць шараговых сяброў ад сапраўднай барацьбы і проста замбуе людзей шкоднымі думкамі. Валер Карбалевіч у сваім артыкуле «А где же альтернатива?» правільна гаворыць аб шэрасьці прапанаваных на разгляд дакумэнтаў. Ён піша, што для насельніцтва гэтыя паперы нецікавыя. Калі праўду казаць, то, загружаючы такой лухтой мазгі людзей, яны здраджваюць інтарэсам народу. Людзі гэта адчуваюць інтуітыўна і проста ня вераць «правадырам» апазыцыі. Калі добра ўгледзецца ў гэтыя мерапрыемствы, яны каранямі ідуць у савецкія часы і вядуць да горшай сытуацыі, чым нават лукашызм. Найлепшае рашэньне ў гэтай сытуацыі — ня ўдзельнічаць у мерапрыемстве, калі вы ня хочаце станавіцца здраднікамі сваім інтарэсам.

Лідэры апазыцыі кожны раз, з энтузіязмам, заяўляюць, што год-два — і рэжым не ўтрымаецца. А мы бачым, што рэжым з кожным годам становіцца мацнейшым. Ну калі не становіцца мацнейшым, то, прынамсі, жыве. Сёньняшняя апазыцыя не зьяўляецца сапраўднай альтэрнатывай рэжыму. Стаць сапраўднай альтэрнатывай рэжыму — гэта гуляць ў сьмяротна небясьпечную палітычную гульню. І гэта разумна, не падвяргаць сваё жыцьцё небясьпецы. Але хто сказаў, што патрэбна здаць усе пазыцыі і імітаваць барацьбу? І шмат людзей, ад безвыходнасьці (ім ужо няма куды падзецца), удзельнічаюць ў гэтай імітацыі. Шмат хто ўжо настолькі апрацаваны, што нават не аналізуе такія дзеяньні і проста выконвае устаноўку, дадзеную зьверху. Так і хочацца сказаць: «Людзі, расплюшчыце вочы, бяда ўжо грукаецца ў нашы дзьверы, а вы займаецеся бязглузьдзіцай».

Мяне могуць запытаць: «Што за бяда грукаецца да нас?» Адказ вельмі просты — рабства, хаця мы яшчэ і не выходзілі з гэтага стану. Нам патрэбна праграма выхаду з рабства і недапушчэньня прыгнёту краіны. Такой праграмы няма ні ў рэжыма, ні ў апазыцыі. Усё, што нам дагэтуль прапаноўвалася, так ці інакш, вядзе да залежнасьці і здае беларусаў ў рабства. У апазыцыі сваіх грошай няма, на барацьбу апазыцыя бярэ грошы чужыя. А як тады апазыцыя можа абараняць інтарэсы народу? Чужыя грошы вядуць да акупацыі Беларусі чужынцамі, неабавязкова відавочнай. Гэта робіцца нябачна.

Сёньняшні рэжым ў Беларусі — гэта сапраўды акупацыйны рэжым. І як бы ён ні крычаў пра незалежнасьць, фактычна гэты рэжым нас прадае ў палон. Як бачыце, з двух бакоў беларусаў здаюць ў рабства. Мы можам перамагчы і можам пазьбегнуць рабства. У чым заключаецца альтэрнатыва гэтым памкненьням?

Гэта стварэньне нацыянальна сьвядомай, патрыятычнай бізнэс-эліты. Стварэньне — гэта ня значыць, што нехта будзе сядзець і вылепліваць яе з гліны. Гэта значыць, калі ты не жадаеш працаваць на чужога дзядзьку, то працуй на сябе. Бізнэс-эліта ёсьць падмуркам усіх працэсаў ў грамадзтве. А каб пазьбегнуць рабства, то гэта бізнэс-эліта павінна быць і нацыянальна сьвядомай. Не бывае свабоды, калі не абараняюцца нацыянальныя інтарэсы. Толькі нацыянальна сьвядомая бізнэс-эліта можа стаць гарантам свабоды і незалежнасьці народу, стаць мурам на шляху зьнявольваньня. Такой загародай у Беларусі была шляхта. Нездарма шляхта была вынішчана. На сёньняшні дзень у Беларусі ўжо ёсьць бізнэс-кляса, але гэта не эліта і тым больш не нацыянальна сьвядомая. Гэта кляса эксплуататараў, якім глыбока напляваць на народ. А нам патрэбна патрыятычная эліта, а ня кляса эксплуатараў.

Такім чынам, найпершая задача беларусаў — гэта адраджэньне шляхетнасьці грамадзтва. З чаго патрэбна пачынаць? У першую чаргу, з сябе. Больш канкрэтныя рэкамэндацыі:

  • ня трэба працаваць на фашыстоўскі рэжым (лукашэнкаўскі рэжым — гэта ёсьць фашыстоўскі рэжым);
  • ня трэба жыць жабраком;
  • ня трэба падтрымліваць імітатараў змаганьня;
  • ня трэба паддавацца любому замбаваньню, усе падзеі патрэбна спакойна аналізаваць;
  • ня трэба глядзець у рот чужынцам, тым больш класьці туды свой палец.

А што ж тады патрэбна рабіць?:

Шмат вучыцца, разьвіваць свае таленты, імкнуцца займаць ключавыя пазыцыі, асабліва ў эканамічнай сфэры, разьвіваць сябе фізычна, заваёўваць аўтарытэт сярод людзей, ачышчацца ад маральнага бруду.

Шляхецкі стан — гэта ня партыя і не грамадзкая арганізацыя, гэта група насельніцтва, шырокая сацыяльная група. І ў авангардзе гэтай групы павінны быць ня хітрыя спажыўцы грантаў і не пасобнікі фашыстоўскага рэжыму, ня здраднікі і ня шкурнікі, а таленавітыя людзі з гонарам і годнасьцю. Самая галоўная задача, якую павінен вырашыць авангард, — знайсьці крыніцы існаваньня для жыцьця, альтэрнатыўныя лукашэнкаўскаму рэжыму і любой калянізацыі. Любы рэжым рухне, калі ня будзе падмацоўвацца эканамічна, і любая апазыцыя зможа прыйсьці да ўлады, калі яна грунтуецца на сваіх фінансавых крыніцах.

Галіна Арцёменка
23.05.07 г.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0