Допіс на Белпартызане, падпісаны Сманцэрам — яскравы прыклад імпарту ў Беларусь чорнага піяру расейскага разьліву. Нават пабежны аналіз словаў і выразаў паказвае на гэта. Але момант не падгаданы — гэтыя выказваньні цудоўна дысануюць з словамі падтрымкі і павагі людзей, мужнасьць і адданасьць якіх беларускай Справе не выклікаюць сумневаў, Міколы Статкевіча і Паўла Севярынца, Уладзіміра Арлова і Валерыя Мазынскага.

Па сутнасьці, лепшай рэклямы лідэру праэўрапейскіх беларусаў і ня трэба! Бо сам факт зьяўленьня такой «дэзы» на сайце прарасейскай тусоўкі — наўпроставае прызнаньне істотнае пазытыўнае ролі і патэнцыяла Аляксандра Мілінкевіча ў палітычным жыцьці Беларусі.

Таксама Варта звярнуць увагу, як інтэрпрэтуецца незалежніцкая пазыцыя Аляксандра Мілінкевіча. Выкарыстоўваецца цяперашні тыповы тэхналягічны трук расейцаў: прывязка абароны незалежнасьці выключна да справы пралукашэнкаўскага лягеру.

Дарэчы, у допісе дамінуе ўласьцівае вельмі многім усходнім і праўсходнім аналітыкам грэблівае стаўленьне да беларускай дэмакратычнай супольнасьці: «случайные люди из чертовой табакерки», «недостойные политики‑выскочки», «безумная борьба», «нечестные и трусливые люди», «инертные», «пассивные», «скандальные», «мнимые оппозиционеры» (а ёсьць и рэальныя — здагадайцеся, хто!).

З Масквы беларускую палітыку і прабеларускіх палітыкаў хочуць бачыць менавіта такімі. Ім не патрэбная незалежная дэмакратычная эўрапейская Беларусь, якая патрэбная самім беларусам і якую пасьпяхова ўвасабляе Аляксандр Мілінкевіч, ляўрэат прэміі ім. вялікага расейца Андрэя Сахарава.

Што яшчэ можна знайсці станоўчага ў дадзеным допісе, дык гэта схаванае пасланьне да ўсіх беларусаў: дэмакратыя, эўрапейскія каштоўнасці і выбар Беларусі не прадаюцца за «сколько‑нибудь приемлемую цену», а змагацца з рэжымам трэба не дзеля таго, каб «зарабатывать деньги», а каб на падставе каштоўнасьцяў свабоды, незалежнасьці і эўрапейскага выбару пабудаваць лепшую Беларусь.

Палітоляг Юрась Ліхтаровіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0