16 траўня Камісія апублікавала праект дырэктывы, што вызначае агульнаэўрапейскія санкцыі ў дачыненьні да працадаўцаў, якія выкарыстоўваюць працу нелегальных мігрантаў. Праект дырэктывы ёсьць часткай маштабнага пакету дакумэнтаў, прапанаваных Камісіяй для рэфармаваньня эўрапейскай міграцыйнай палітыкі.

Па словах віцэ‑прэзыдэнта Эўракамісіі Франка Фраціні, «трэба прызнаць, што фактычная ўпэўненасьць у знаходжаньні нелегальнай працы ў дзяржавах‑членах ЭЗ ёсьць асноўным маторам нелегальнай міграцыі з трэціх краінаў». На думку Камісара, барацьба зь нелегальнай працай і напаўрабскімі ўмовамі, у якіх аказваюцца мігранты, павінна пачынацца з узмацненьня санкцыяў у дачыненьні да працадаўцаў, якія прапануюць нелегальныя працоўныя месцы.

На сёньняшні дзень шэраг дзяржаваў‑членаў ЭЗ прынялі нормы, што прадугледжваюць адміністратыўную і нават крымінальную адказнасьць за наём нелегальнай працоўнай сілы. У сваёй прапанове Камісія прапаноўвае гарманізаваць падобныя нормы, усталяваўшы, прынамсі, мінімальны ўзровень санкцыяў. У той жа час праект дырэктывы Камісіі прадугледжвае пэўны ўзровень гнуткасьці палітыкаў дзяржаваў‑членаў ЭЗ.

На сёньняшні дзень на тэрыторыі ЭЗ працуюць ад 4,5 да 8 млн. нелегальных мігрантаў. Кожны год іх колькасьць павялічваецца на 350‑500 тысячаў чалавек. На ценявую эканоміку, у якой пераважна працуюць нелегальныя мігранты, прыходзіцца ад 7 да 16% ВУП ЭЗ.

Больш падрабязна

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0