І ў чарговы раз пераконваемся, што «Наша Ніва», безь перабольшаньня — гэта нацыянальная гісторыя. Гісторыя ў навінах і рэпартажах, вершах і лістах. Па азначэньні Сяргея Дубаўца (які і сам стаў постацьцю ніўскай гісторыі), «НН» — гэта нацыянальны эпас беларусаў».

Бо «НН» — рэзультат супольнай працы ня толькі рэдакцыі, але і чытачоў, што зьяўляліся і суаўтарамі, і фундатарамі, і героямі артыкулаў.

Імёны некаторых шанаваныя, склалі нацыянальны пантэон (Купала, Багдановіч, Цётка), імёны большасьці час не данёс да нашчадкаў. Але сама газэта вяртае зь нябыту нам прозьвішчы тых, хто ў мястэчках і вёсках чытаў «НН»...

Гартаючы факсыміле, трапілі на згадку пра Міколу Аношку, жыхара вёскі Аношкі, што пад Даўгінавам на Вялейшчыне. Да яго зьвярталіся мясцовыя мужыкі ў нястачы, і ён дапамагаў ім зарабіць грошай, даючы якую працу. Старыя насельнікі сучасных Аношак ня памятаюць якога пана ці заможнага селяніна з такім імем.

А ў «НН» знайшліся яшчэ аж пяць артыкулаў, прысьвечаных яму, што зьяўляліся ў 1908—1910 г.

Першая па часе згадка — уласна яго ліст у рэдакцыю, з просьбай дапамагчы з пошукам тэхналёгіі вырабу мыла. Сам па сабе ліст застаўся б шараговай зьявай, калі б хутка ў газэце не прайшла інфармацыя, што партыя мыла, зробленая на спробу ў селяніна Аношкі, выйшла выдатная. Гэта паведамляецца ў лісце карэспандэнта Сосенскага зь мястэчка Даўгінава. (Той В.Сосенскі яшчэ адкрыў для літаратуры Зьмітрака Бядулю, паведаміўшы пра яго здольнасьці «НН» і наладзіўшы сувязь маладога Самуіла Плаўніка зь беларускай газэтай.)

Карэспандэнт Сосенскі называе Аношку мудрым і справядлівым чалавекам, да якога гарнуліся людзі. Апісвае яго як асобу, што імкнулася да ведаў і сьвядомасьці ня проста праз чытаньне кніг, але праз зацікаўленьне фізыкай, матэматыкай, філязофіяй і іншымі навукамі. Аношка, са словаў Сосенскага, меў кемлівасьць да прадпрымальніцтва і хоць сам жыў бедна, дапамагаў аднавяскоўцам у нястачы, ды не пазыкай грошай, а разумнай арганізацыяй працы — «ці гліну капаць паставіць, або каменьне вазіць, і было на кавалак хлеба».

Распавядаецца і пра тое, што Мікола Аношка сам пісаў «аб будынках з вапны і пяску» ды, зь яго ўласных словаў, меў намер напісаць у газэце «аб рэлігіі, аб торфе, аб гнаю, як рабіць мыдла маім спосабам і яшчэ шмат чаго». Газэта, што апісваецца ў лісьце, — безумоўна, «Наша Ніва».

Праўда, тое паведамленьне Сосенскага ў «НН» за 1909 г. сталася «in memoriam» па М.Аношку, які пакінуў гаротны сьвет у 40‑гадовым узросьце. «НН» згадвае М.Аношка і падчас апошняе сустрэчы з аднавяскоўцамі, што зайшлі праведаць моцна хворага «на рэўматызм» суседа: «Падайце мне маю газэту, пэўне, жонка яе прынесла з Даўгінава...» Пакуль паслалі па ксяндза, Мікола размаўляў з мужыкамі пра патрэбу ў навуцы і кнігах і «яшчэ гаварыў аб свабодзе, аб усём... і гэтак ён казаў, што і каменьне б плакала, ня толькі чалавек... Скора прыйшла жонка з «Нашай Нівай»... Аднымі з апошніх словаў перад сконам, што сказаў Мікола Аношка, былі наступныя: «Няхай Бог дасьць здароўя ўсім, хто працуе дзеля нашага краю».

Апошняя згадка пра нашага героя — допіс у №13 за 1910 г. Сосенскі піша пра гаротную жытку сялян вёскі Аношкі, і дадае, што цяпер «агледзеліся людзі, як даўней часта несправядлівы былі да нябожчыка Міколы Аношкі. Даўней — няма заработкаў — да Аношкі... а цяпер ня толькі скончыліся заработкі, але нават няма ў каго нашай беларускай газэтай «Нашай Нівай» пажывіцца, бо, хоць стыдна прызнацца, нашы сяляне неяк ня могуць сабрацца, каб скінуцца па колькі капеек і выпісаць газэту».

...Такім са скупых зацемак аматарскіх карэспандэнцый паўстаў перад намі шараговы беларускі селянін, чытач «Нашай Нівы» пачатку стагодзьдзя зь яго марамі і расчараваньнямі, надзеямі на лепшае ў непрагляднай цемры будзённасьці. У лёсе Аношкі адбіліся лёсы соцень тысяч «паноў сахі і касы», якія жылі, як усе, але спрабавалі «людзьмі звацца».

Мікола і Ўсевалад Сьцебуракі, Вялейка‑Менск

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0