Сёньня падчас наведаньня Берасьця Аляксандар Лукашэнка выказаўся наконт скасаваньня льготаў і беларуска‑расейскіх адносінаў.

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што разьвіваючы супрацоўніцтва зь Іранам, Беларусь не аддаляецца ад Расеі. «Калі Расея захоча, каб Беларусь аддалілася, то яна аддаліцца. Але калі Расея хоча, як раней, жыць разам, то мы будзем жыць разам. Але ня трэба нас браць за горла» — заявіў кіраўнік Беларусі падчас наведваньня Берасьця.

Ён патлумачыў, што пры наяўнасьці іншых крыніцаў энэргіі «нельга будзе, схапіўшыся за газавы ці нафтавы кран, кіраваць Беларусьсю». Паводле яго, «трэба проста ўспрымаць дадзенасьць, што Беларусь зьяўляецца сувэрэннай незалежнай дзяржавай, тут жыве такі самы народ, як у Расеі».

Ці здрадзіць прэзыдэнту ягоная апора?

«У нас не падвысіцца ніякая сацыяльная тэмпэратура», — заявіў Аляксандар Лукашэнка , адказваючы на пытаньне пра наступствы скасаваньня шэрагу льготаў.

Ён дадаў: «Гэта праўда, што апора прэзыдэнта — гэта пэнсіянэры і людзі сталага веку» і выказаў упэўненасьць, што як бы пэнсіянэры ні крыўдзіліся на яго за скасаваньне льготаў, «яны мне ня здраджвалі і ня здрадзяць».

Кіраўнік дзяржавы падкрэсьліў, што «калі мы хочам у сярэдзіне жыцьця сыходзіць на пэнсію ды яшчэ і льготы атрымліваць, то гэта немагчыма».

«Па гораду трэба пешкі хадзіць»

«Навошта, напрыклад, студэнту, які жыве ў Берасьці, бясплатны праезд? Гэта дурата» — сказаў Лукашэнка.

Ён адзначыў, што іншагароднім студэнтам будзе дазволены льготны праезд дадому і назад да месца вучобы. «А па гораду трэба пешкі хадзіць. А калі хочаш езьдзіць — плаці, такая рэальнасьць, мы жывем у рынкавай эканоміцы, дык чаго ж крыўдзіцца», — патлумачыў Лукашэнка.

Паводле яго, «немагчыма мець у краіне 7.5 мільёнаў ільготнікаў». «Усе даўно ўжо гэтую праблему вырашылі, адны мы засталіся», «яшчэ з часоў Сталіна ў нас ільготы дзейнічаюць».

Кіраўнік дзяржавы падкрэсьліў, што цяпер распрацоўваецца ўказ прэзыдэнта аб адраснай сацыяльнай дапамозе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?