Лёс Кубку Беларусі сэзону 2006/2007 вырашаўся ў сэрыі пэнальці. Леташні ўладальнік трафэю барысаўскі БАТЭ ў нядзелю 27 траўня так і ня змог цячгам матчу ўзламаць абарону берасьцейскага «Дынама». Не забілі галоў каманды і ў дадатковы час.

Пэнальці збольшага — гэта выпадак. Шанцуе адным, не шанцуе іншым. Па тры першыя ўдары аказаліся трапнымі і ў берасьцейцаў, і ў барысаўцаў. Пасьля ў штангу папаў грузінскі легіянэр «Дынама» Гогінашвілі. Здавалася, што БАТЭ ўжо мусіць прыбраць ініцыятыву да сябе. Аднак «Дынама» выратаваў брамнік Юры Цыгалка, які адбіў два ўдары запар. Прычым другі ўдар наносіў брамнік БАТЭ Федаровіч.

Такім чынам, берасьцейскае «Дынама» ўпершыню ў сваёй гісторыі выйграла ганаровы трафэй. Летам берасьцейцы сыграюць у Кубку УЭФА, БАТЭ ж чакае старт у Лізе чэмпіёнаў.

***

Тым часам, на мінулым тыдні адбыліся матчы сёмага туру чэмпіянату Беларусі па футболе. Яны прынесьлі наступныя вынікі: «Смургоні» — «Дарыда» 1:1, «Шахцёр» — «Дняпро» 2:0, «Гомель» — БАТЭ 1:3, «Дынама» (Берасьце) — «Віцебск» 0:1, МТЗ‑РІПА — «Дынама» (Менск) 1:0, «Нафтан» — «Менск» 3:0, «Тарпэда» — «Нёман» 0:0.

Турнірная табіца пасьля сямі тураў выглядае наступным чынам: БАТЭ — 18 пунктаў, МТЗ‑РІПА — 14, «Нёман» — 12, «Гомель», «Шахцёр» — па 11, «Тарпэда» — 10, «Смургоні» — 9, «Дынама» (Берасьце), «Дарыда» — па 8, «Нафтан», «Дынама» (Менск) — па 7, «Дняпро», «Віцебск» — па 6, «Менск» — 5.

Найлепшы бамбардзір Раман Васілюк («Гомель») — 9 галоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?