«Здесь рисовать нельзя, здесь православный храм!» — мастакоў ад працы адрывалі міліцыянты. Пасьля ўвязалася доўгая дыскусія з журналістамі, мінакамі. Міліцыянты паніклі й урэшце сьціхлі. Пленэр пачаўся.

Мастацкая акцыя ў абарону кляштара Бэрнардынаў і Касьцёла сьв. Язэпа сабрала блізу 30 мастакоў — аматараў і прафэсіяналаў, рознага веку, перакананьняў, ну і чалавек 50 назіральнікаў. Малявалі таксама па‑рознаму: дзеці корпаліся на асфальце разнакаляровымі крэйдачкамі, нехта вымалёўваў на пляншэтах алоўкам ці мастацкім вуглём, хтосьці — каляровымі алоўкамі на ватманах. Разынкай быў мальбэрт пад графіці. За гадзіну працы фронтаўскіх графітчыкаў мальбэрт пераўтварыўся ў крычачы плякат з выглядам Касьцёлу й надпісамі ў стылі графіці: «Bowling? Bar?»

Пленэр адкрыў мноства страчаных талентаў. Андрусь Саротнік, Андрэй Ігнатовіч маглі б стаць сапраўднымі мастакамі, які чорт іх занёс у палітыку!? Упершыню ў падобнай акцыі прыняў удзел і студэнт‑бэльгіец Менскай музычнай вучэльні, стварыў карціну, якую без утрыраваньня можна параўнаць з творамі сусьветных клясыкаў...

Апроч моладзі БНФ, студэнтаў мастацкіх вучэльняў і беларускіх дзетак, былі студэнты журфака, некаторыя жж‑шнікі, коласаўскія ліцэісты. На 10 хвілін павітаў «мастакоў» і ўласна Стэфан Эрыксан!.

Кожнаму ўдзельніку дасталася сьвежа выдруканая паштоўка з калекцыі Фронту (першая была карціна Марачкіна, другая — «Голосуем з інтеллект» з Лукашэнкам і томікам Быкава) — у абарону кляштару Бэрнардынаў, зробленая па матывах Сальвадора Далі.

Тэкст — Кастусь Козел

Фота — Арсеній Пахомаў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0