Экспэрты заклапочаныя тым, што чарговы праект па зборцы замежных легкавікоў у Беларусі ня мае належнага эканамічнага абгрунтаваньня.

На сёньня на менскім прадпрыемстве «Юнісон» наладжаная г.зв. шрубовачная зборка легкавікоў Samand зь іранскіх машынакамплектаў.

Ад жніўня 2006 г. сабралі 192 аўто, што ніжэй заплянаваных аб’ёмаў зборкі. У другой палове году прадпрыемства разьлічвае значна павялічыць аб’ёмы — да 48 аўто ў тыдзень, што дазволіць выканаць плян на 2007 г. у 2 тысячаў адзінак.

Паводле словаў кіраўніцтва «Юнісон», асноўным фактарам стрымліваньня зьяўляецца маруднае мытнае афармленьне камплектавальных і наступнае афармленьне гатовых аўто. Пераадоленьне гэтых праблемаў дазволіць павялічыць выпуск аўто да 15‑20 тыс. у наступным годзе і да 60 тыс. у 2009 г. Паспрыяць гэтаму таксама павінна заключэньне дамовы з кампаніяй Iran Khodro аб пастаўцы тэхналягічнага абсталяваньня для цэха зваркі і афарбоўкі легкавікоў Samand, а таксама аб удзеле ў акцыянэрным капітале ЗАТ «Юнісон» прамыловай групы Iran Khodro. Раней былі падпісаныя фінансавыя дакумэнты аб вылучэньні экспартна‑імпартным банкам Ірану зьвязанага крэдыту для дадзенага праекту ў памеры $42 млн. Паводле дамовы $12 млн менская кампанія атрымае сёлета, яшчэ $30 млн у наступным годзе.

Аднак, як мяркуе тыднёвік «Белорусы и рынок», галоўныя праблемы «Юнісон» палягаюць не ў праблемах з мытным афармленьнем, а ў недастатковай эканамічнай абгрунтаванасьці праекту.

На думку выданьня, для дасягненьня эканамічнай эфэктыўнасьці праекту неабходна наладзіць выпуск і рэалізацыю ня менш за 100 тыс. аўто ў год. Варта нагадаць, што папярэднія праекты па стварэньні на тэрыторыі Беларусі зборачнай вытворчасьці замежных аўто завяршаліся правалам. Гэта й прадпрыемства «Форд Юніон», якое мерылася зьбіраць легкавікі Ford Escort з разьлікам на расейскі рынак. І тое ж «Юнісон» (юрыдычны правапераемнік «Форд Юніон»), якое спрабавала наладзіць зборку польскіх малатанажных грузавікоў «Люблін‑3», ізноў жа з замахам на Расею. Абодва праекты пацярпелі няўдачу праз посьпехі расейскіх канкурэнтаў. Іранскія вытворцы таксама не хаваюць плянаў на больш пэрспэктыўны расейскі рынак. Але ён тоіць ў сабе чарговую небясьпеку: па выніках мінулага году расейцы набылі толькі 1500 іранскіх аўто. Для параўнаньня — аўто Ford Focus расейцы набылі ў мінулым годзе 29 905 адзінак. Зрэшты, мяркуе «БР», застаецца спадзеў на замову для дзяржаўных установаў і МУС — для беларускага бюджэту іранскія аўто абыйдуца ў 2,5 разы таньней у валютным эквіваленце, чым любое іншае замежнае аўто.

Сямён Печанко, паводле «Белорусы и рынок»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0