На наступным тыдні ўступаюць у сілу правілы, што дазваляюць прымаць беларусаў, украінцаў і расейцаў на сэзонныя працы ў розных сэктарах гаспадаркі — абвесьціла ў сераду ў Брусэлі польская міністарка працы і сацыяльнай палітыкі Анна Калята.

На сёньня такая магчымасьць для беларусаў існуе толькі ў сельскай гаспадарцы. У жніўні мінулага году Калята падпісала пастанову, што вызваляе грамадзянаў Беларусі, Украіны і Расеі ад абавязку атрымліваць у галіне сельскай гаспадаркі дазвол на працу, кошт якога складае каля 300 даляраў. Працаваць такім чынам беларусы маглі ня больш як тры месяцы на працягу паўгоду.

Цяпер пастанова мінулага году пашырыцца і на іншыя галіны польскай гаспадаркі. — Мяркую, што пастанова будзе падпісанае на наступным тыдні і ўступіць у сілу ў дзень падпісаньня — сказала міністарка на прэс‑канфэрэнцыі пасьля спатканьня міністраў працы Эўразьвязу.

Яна патлумачыла, што рашэньне прымаецца ў адказ на галасы працадаўцаў — асабліва ў сэктары будаўніцтва — якім не хапае працоўных рук. «Будаўнічая галіна заяўляла да рашэньня пра арганізацыю Эўра 2012 у Польшчы пра патрэбу ў 200 тыс. чалавек. Цяпер лічба ўскочыла да 300‑350 тыс. у адным толькі сэктары будаўніцтва дарогаў» — патлумачыла міністарка. Згодна зь цяперашнімі правіламі, у Польшчы без дазволу на працу могуць прымацца грамадзяне ЗША, Канады, Аўстраліі, Новай Зэляндыі, якія навучаюць сваёй роднай мове, а таксама студэнты, якія працуюць у межах стажыроўкі.

З 1 студзеня 2007 году дазволы на працу непатрэбныя таксама грамадзянам дзяржаваў Эўразьвязу. У мінулым годзе ў Польшчы замежнікам было выдадзена больш за 10 тыс. дазволаў на працу, найболей украінцам, в’етнамцам, беларусам і немцам.

Вольга Данішэвіч паводле gazeta.pl

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0