Свабода, як і ўсякі Божы цуд, прыходзіць неспадзявана. Свабода дае напоўніцу ўдыхнуць слодыч паветра, якое дагэтуль проста ня мела паху. І тая ж свабода абавязкова пакідае па сабе гаркавы прысмак.

Пасьля амаль двух гадоў абмежаваньня волі ўсьведамленьне, што заўтра ў Менск, адчуваньне пашпарта ў кішэні й шквал тэлефанаваньняў на мабільны, які нарэшце працуе, — уражаньні галавакружныя. Але разумееш: на «вялікай зямлі» чакае ўсё тое ж абмежаваньне волі, хіба што павялічанае ў маштабах, усё тое ж прыніжэньне, усё той жа рэжым.

Атрымаць свабоду ў пару, калі квітнеюць яблыні, вішні ды бэз, — вядома, файна. Ды бачыць, што большасьць суайчыньнікаў даўно прамяняла гэтае паветра свабоды, гэты эфірны водар на волю п’янак, кірмашоў ды бяздумнага забойства часу, — проста балюча.

Выходзіш у сьвет якраз напярэдадні суду над маладафронтаўцамі ды Кангрэсу, дзе трэба падтрымаць Мілінкевіча, — і адначасна разумееш, што гэта абмен на мільённыя прэфэрэнцыі.

Свабода — гэта і абдымкі новапалачанаў на ганку суду, і бел‑чырвона‑белыя гвазьдзікі ад хрысьціянскай пісьменьніцы Ірыны Жарнасек, і першае за два гады «вольнае» інтэрвію для Вінцэся Мудрова.

Адразу заходзіш у наваполацкую краму, каб адзначыць вызваленьне кубкам гарбаты. «Это что, водка по‑польски?!.» Запаўненьне кнігі скаргаў, гістэрыка прадаўшчыцы й выкрык «фашыст!» у адказ на пажаданьне вучыць родную мову. Толькі ў чацьвёртым унівэрсаме пасьля хвіліннае паўзы — «Чаю, что ли?..» Так, смак свабоды — гэта цяпер і смак тае самае гарбаты‑з‑чацьвёртае‑спробы.

Згадваю, як у 1993‑м, у 11‑й клясе, пасьля абласной алімпіяды па хіміі атрымаў у Полацкім унівэрсытэце ад рэктара запрашэньне «ганароваму хіміку» паступіць без іспытаў. Праз 14 гадоў — усё тая ж «хімія», і ў судзе ў трох кроках ад таго ж унівэрсытэту — выпісваньне «выпускнога дыплёму» «за ўзорныя паводзіны».

Свабода — гэта і блішчастыя вочы нявыспаных маладафронтаўцаў, што а чацьвёртай ранку стракаюць на менскім вакзале. Свабода — поціскі моцных рук на Варвашэні/Машэрава, 8. Свабода — рух Мілінкевіча пасьля таго, як апазыцыйная бюракратыя абірае сваёй стратэгіяй «эвалюцыю», круглыя сталы ды дамовы з рэжымам.

«Свабода! Свабода!» — шчасьлівы роў моладзі перад будынкам Савецкага суду пасьля прысуду маладафронтаўцам: безь зьняволеньня! Але разам гэта і вялізныя штрафы, і новыя допыты, і чарговыя крымінальныя справы супраць лідэра Салігорскага Маладога Фронту Івана Шылы ды Баранавіцкага МФ Яраслава Грышчэні.

Як і спрадвеку, свабода застаецца і найвялікшым дабраславеньнем, і найбольшым цяжарам. Воля, хараство, марнасьць марнасьцяў і тамленьне духу.

Дзякую Богу за гэтую свабоду. І за два гады ў Малым Сітне, і за маіх любых няшчасных вяскоўцаў, за 1500 лістоў ды паўтысячы наведнікаў, за клопат бацькоў і падтрымку аднадумцаў, за нашаніўскія публікацыі й тое кшталтаваньне, той гарт, якое Госпад заўсёды дае ў выпрабаваньнях.

«Павал, без Перамогі сюды не вяртайся», — казалі мне на разьвітаньне сіценцы.

Цяпер я ведаю: Малады Фронт і аб’езд беларускіх гарадоў ды мястэчак, адкуль да мяне ліставалі й прыяжджалі, і Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя, і ўдзел у руху «За Свабоду!» — усё гэта цяпер дзеля таго, каб аднойчы вярнуцца ў Сітна зь перамогай.

Тысячу гадоў таму адсюль, з Полаччыны, пачалася Беларусь, эўрапейская й хрысьціянская. Мне гэты лес, гэты лёс быў дадзены, каб нарэшце адштурхнуцца ад дна і вярнуцца да сапраўднай, поўнай і найвышэйшай свабоды — нацыянальнага абуджэньня.

Павал Севярынец, Менск

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0