Расійскі аналітычны цэнтр Юрыя Лявады («Лявада‑цэнтр») апублікаваў новы рэйтынг дружалюбных і недружалюбных дзяржаў у адносінах да Расіі. Удзельнікам апытання, праведзенага ў маі гэтага года сярод 1.600 расіян у 128 населеных пунктах 48 рэгіёнаў краіны, прапаноўвалася назваць пяць краін, якія, на іх думку, можна лічыць найбольш блізкімі сябрамі, саюзнікамі Расіі, і пяць краін, якія найбольш недружалюбна, варожа ставяцца да РФ.

Сярод найлепшых сяброў Расіі апынуліся Казахстан (39%) і Беларусь (38%), тады як год таму ў аналагічным рэйтынгу ў Беларусі было першае месца (47%), у Казахстана — другое (33%). Два гады таму 46% апытаных назвалі саюзнікам Расіі Беларусь, 23% — Германію, 20% — Казахстан.

Эксперты «Лявада‑цэнтра» зазначаюць, што хаця «самыя блізкія сябры» цяпер тыя ж, але змены ў іх ацэнках вельмі красамоўныя. Па‑першае, Беларусь згубіла частку сваіх прыхільнікаў і манапольны статус сябра Расіі нумар адзін і дзеліць яго цяпер з Казахстанам. Па‑другое, сам гэты статус засноўваецца цяпер ужо на значна меншай аднадушнасці меркаванняў, чым год таму.

Астатнія пазіцыі ў першай дзесятцы сяброў Расіі за год змяніліся мала: Германія (24%), Кітай (19%), Арменія (15%), Індыя (14%), Украіна (11%), Францыя (9%), Балгарыя (9%), Туркменістан (8%). У параўнанні са звесткамі аналагічнага апытання, праведзенага два гады таму, эксперты звяртаюць увагу на змяненне стаўлення да Кітая. Так, калі ў 2005 годзе 12% назвалі гэтую краіну саюзнікам, то ў 2006 годзе — ужо 24%, праўда, у гэтым годзе паказчык знізіўся да 19%.

Недружалюбныя ў адносінах да Расіі краіны са значным адрывам узначальвае Эстонія (60%). «Пальму першынства» ў радах нядобразычліўцаў РФ яна перахапіла сёлета ў Латвіі (36%). Упершыню за апошнія гады з’явілася краіна, якую змаглі назваць адной з найбольш недружалюбных, варожа настроеных у дачыненні да Расіі краін абсалютная большасць расіян.

Астатнія пазіцыі ў першай дзесятцы ворагаў Расіі наступныя: Грузія (46%), Латвія (36%), ЗША (35%), Літва (32%), Украіна (23%), Польшча (20%), Афганістан (11%), Ірак (8%), Іран (7%).

У ацэнках нядобразычліўцаў, канстатуюць сацыёлагі, расіяне выказвалі і выказваюць больш аднадушнасці, чым у ацэнках саюзнікаў. Іншымі словамі, за мінулы год расіяне сталі горш уяўляць сабе, хто іх найлепшы сябар, але вобраз ворага стаў больш кансалідаваным. Эксперты «Лявада‑цэнтра» выказваюць трывогу наконт таго, што ў залежнасці ад палітычнай сітуацыі вобраз ворага можа лёгка мяняць сваю лакалізацыю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?