Што такое Гарвард і адкуль там беларусы? Чаму ў Гарвардзе студэнты не хочуць спісваць?

На чые грошы выкладчыкі водзяць у рэстарацыі студэнтаў і як там жывуць і вучацца бутанскія прынцэсы ды ізраільскія спецназаўцы?

Чаму так шмат знакамітасцяў вучылася менавіта ў Гарвардзе?

Пра свае ўражанні ад вучобы ў гэтым вядомым ува ўсім свеце ўніверсытэце нам распавёў Яраслаў, наш суайчыннік і ўжо амаль што выпускнік школы права Гарвадскага універсітэта.

Рэйтынгі, якія вызначаюць самыя лепшыя і самыя прэстыжныя універсітэты сьвету, часта даволі ўмоўныя і суб’ектыўныя. Гарвард традыцыйна знахоздзіцца на вяршыні розных рэйтынгаў, але некаторыя факты пра найстарэйшы амерыканскі універсітэт цяжка паставіць пад сумніў. Напрыклад тое, што Гарвард застаецца самым багатым універсітэтам у сьвеце — ягоная фундацыя акумулюе каля 30 мільярдаў даляраў. Некаторыя нават кажуць, што Гарвард — другая па багацьці недзяржаўная некамерцыйная арганізацыя пасьля Каталіцкай царквы. Таксама бясспрэчна, што Гарвард мае самую вялікую акадэмічную бібліятэку ў сьвеце, якая налічвае болей за 15 мільёнаў кніг.

Прэстыжнасьць і якасьць гарвардскай адукацыі прыцягвае ў Кэмбрыдж лепшых з усяго сьвету. Так, менавіта ў Кэмбрыдж. Але гаворка ідзе не пра ангельскі, але пра амерыканскі Кэмбрыдж, што ў штаце Масачусэтс. Гэта невялікі, але самастойны горад, ад якога, сеўшы на метро, можна трапіць у вялікі горад Бостан.

Гарвардскі універсітэт складаецца з каледжа, куды ідуць адразу пасьля школы, і прафесійных школаў, куды ідуць пасьля каледжа. Самымі багатымі і прэстыжнымі прафесійнымі школамі лічацца бізнэс‑школа, юрыдычная школа і медыцынская школа. У гэтых школах самыя вялікія кошты за вучобу (каля 50 тысячаў даляраў за год), але пасьля вучобы даходы выпускнікоў таксама адпаведныя.

Пераважную большасьць студэнтаў каледжа складаюць амерыканцы, а вось ў прафесійных школах значную долю складаюць замежнікі. Напрыклад, беларусы ёсьць у бізнэс‑школе, на факультэце навукі і мастацтва, а таксама ў школе права. Варта адзначыць, што для сур’ёзна жадаючых вучыцца ў Гарвардзе галоўная праблема не грошы, а менавіта само паступленьне. Паколькі ўніверсітэт багаты, ён можа дазволіць прымаць найбольш таленавітых студэнтаў, у тым ліку зь Беларусі, прапануючы ім фінансавую дапамогу ў выглядзе грантаў ці пазыкаў.

Але каб паступіць у Гарвард не дастаткова проста мець добрыя адзнакі і выдатна валодаць ангельскай мовай. Вельмі важна прадэманстраваць дадатковыя дасягеньні — публікацыі, вынаходніцтвы, актыўны ўдзел у палітычным і грамадскім жыцьці — вось няпоўны пералік такіх дасягненьняў. Шмат людзей дасягаюць вялікіх посьпехаў пасьля Гарварда не толькі таму, што атрымалі добрую адукацыю, але і таму, што перад паступленьнем яны ўжо мелі відавочныя дасягненьні і незвычайныя біяграфіі. Для прыкладу, сёлета на магістарскай праграме на факультэце права навучаюцца такія розныя людзі як былы памочнік прэзідэнта Ірана, былы ізраількі спецназавец, суддзя з Кітая і нават прынцэса Бутана.

Калі параўноўваць вучобы у Гарвардзе з вучобай у БДУ у вочы кідаюцца тры асноўныя адрозьненьні: стымуляваньне канкурэнцыі, шматлікія студэнцкія арганізацыі і вялікая роля саманавучаньня.

Адукацыйная сістэма ў Гарвардзе, як і ў іншых, менш прэстыжных амерыканскіх універсітэтах, мэтанакіравана стымуляе канкурэнцыю сярод студэнтаў. Адзнакі па большасьці курсаў выстаўляюцца за ананімныя пісьмовыя іспыты (вусныя іспыты амаль не ўжываюцца», бо лічацца неаб’ектыўнымі) і ужываецца так званая «крывая адзнакаў». Напрыклад, выкладчык абавязкова павінен паставіць 10 «пяцёрак», 30 «чацьвёрак» і 10 «троек». Такім чынам, мае значэньне не толькі як студэнт напісаў іспыт, а тое, як гэты іспыт напісалі астатнія студэнты. Нават калі ўсе напісалі прыблізна аднолькава добра, 10 чалавек аьавязкова атрымаюць «тройкі». Гэта моцна ўплывае на матывацыю студэнтаў і амаль зьнішчае праблему «сьпісваньня».

Другая рыса адукацыі ў Гарвардзе, якая кідаецца ў вочы, гэта мэтанакіраваная падтрымка студэнцкіх ініцыятываў. Напрыклад, толькі ў школе права дзейнічаюць каля 90 студэнцкіх агранізацыяў — ад сур’ёзных часопісаў і палітычных арганізацыяў да гурткоў па абароне правоў жывёлаў. У гэтых арганізацыях студэнты вучацца працаваць у камандзе, развіваюць лідэрскія навыкі, растуць прафесійна і папросту самарэалізоўваюцца.

Трэцяя рыса, якая моцна адрозьнвае Гарвард ад большасьці постсавецкіх адукацыйных установаў — узаемаадносіны паміж выкладчыкам і студэнтам. Выкладчык не вучыць студэнтаў, а дапамагае ім вучыцца самім. Большая частка матэрыялаў засвойваецца студэнтамі самастойна ў бібліятэцы, а падчас заняткаў абмяркоўваюцца найбольш праблемныя пытаньні. Пры гэтым няма выразнага падзелу паміж лекцыямі і семінарамі — заняткі звычайна ўяўляюць сабой дыялог студэнтаў і выкладчыкаў, галоўнай мэтай якога ёсьць навучыць студэнтаў крытычна думаць і самастойна прыходзіць да высноваў, а не папросту запамінаць інфармацыю.

Асаблівую ролю Гарвардскі ўніверсітэт надае развіцьцю кантактаў паміж студэнтамі і выкладчыкамі. Выкладчыкі атрымоўваюць невялікі бюджэт на тое, каб пасьля сканчэньня курса наладзіць у аўдыторыі вечарыну, на якой частуюць ня толькі рознымі прысмакамі, але і віном. Цяжка сабе такое ўявіць у Беларусі, дзе гэта было б кваліфікавана як парушэньне дырэктывы No.1. Пры гэтым у звычайным бары ці краме ніколі не прададуць сьпіртное,

калі пакупнік выглядаеце маладзей за 27 год і ня мае афіцыйнага

дакумента пра паўнагадовасьць. Па выніках латэрэі студэнты могуць атрымаць магчымасьць у невялікай кампаніі пайсьці з выкладчыкам у рэстарацыю, каб паразмаўляць у нефармальнай абстаноўцы (зрузумела, за кошт універсітэта). Гэткім чынам студэнты на роўных могуць размаўляць з самімі слыннымі навукоўцамі.

Дарэчы, «адзнакі» атрымоўваюць ня толькі студэнты ад выкладчыкаў, але і выкладчыкі ад студэнтаў, бо існуе абавязковая працэдура пісьмовай ацэнкі якасьці выкладаньня кожнага курса. Зразумела, што працэдура ананімная, і ўплывае на кар’ерны рост выкладчыкаў.

Наяўнасьць шматлікіх студэнцкіх арганізацыяў і частыя візіты вядомых гасьцей папросту перагружаюць календары студэнтаў рознымі публічнымі падзеямі. Штовечар ладзяцца прэзентацыі, кінапаказы, публічныя лекцыі, і на ўсё папросту не хапае часу, бо ўсё ж галоўнай функцыяй студэнтаў з’яўляецца вучоба. Але часам цяжка пазбавіцца ад спакусы наведаць сустрэчу ў вузкім коле з камісарам Еўракамісіі, адразу з двумя прэзідэнтамі краінаў, ці хаця б з адвакатам Хадаркоўскага.

Штогод на «выпускны» Гарвард запрашае вядомых асобаў у якасьці прамоўцаў. Сёлета перад выпускнікамі будуць выступаць два Біла —Біл Клінтан і Біл Гэйтс. Дарэчы, заснавальнік кампаніі Майкрасофт таксама калісьці быў студэнтам Гарварда, але кінуў вучобу з‑за свайго захапленьня кампутарамі, так і не атрымаўшы дыплёма. Дыплом ён атрымае сёлета, нават і не здаўшы ўсіх належных іспытаў. Такім чынам, «корачка» нават з самага прэстыжнага універсітэта, не з’яўляецца абавязковым складнікам кар’ернага посьпеху, але, бясспрэчна, падвышае шанцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?