НIВОДНАЙ ПАШТОЎКI

 

Глыбокае на старых паштоўках. Уладзiмер Скрабатун. Менск-Глыбокае: БГКЦ, 1998. 136 с.

Мне цяжка ўявiць сабе кнiгу, прысьвечаную паштоўкам, на якiх выяўленыя, напрыклад, галяндзкiя цi гiшпанскiя гарады. Не таму, што iх ня можа быць, а таму, што цяжка ўявiць iх аб’ёмы i аўдыторыю. Пэўна, што выявы на паштоўках Мадрыду, Амстэрдаму, Барсэлёны цi Гаагi маглi б скласьцi не адзiн том. Але навошта такiя тамы там, дзе гэтыя гарады перахавалi i свой выгляд i свой дух да сёньня?..

Для беларусаў старыя выявы колiшнiх местаў i мястэчак — тэма амаль сакральная. Гэта ня толькi крынiца элегiчнае тугi альбо эстэтычных перажываньняў. Для беларуса гэта, апроч iншага, i дакумэнт, цi не адзiнае пацьверджаньне паўнавартаснасьцi сваёй культуры й гiстарычнай адметнасьцi. Тыя лякуны сьведамасьцi, якiя не запоўнiла недасканалая адукацыя, i жыцьцё амаль з асалодаю запаўняецца вiдмом iншага, ужо далёкага, але не чужога жыцьця. Таму й гэтая кнiга Ўладзiмера Скрабатуна i, магчыма, шмат будучых кнiжак сустрэнуць у Беларусi непазьбежны посьпех.

Гэта другая кнiга, прысьвечаная выявам на паштоўках нашых гарадоў. Першая выйшла ў 1984 годзе у выдавецтве «Беларусь» i атрымала, як тады казалi «усесаюзнае прызнаньне». Гэта была кнiга Вячкi Целеша «Менск на старых паштоўках». Памiж дзьвюма кнiгамi былi толькi наборы факсымiльных паштовак, прысьвечаных Вiцебску, Полацку, Гораднi й Гомелю. А тут кнiга, прысьвечаная мястэчку...

Аўтараў абедзьвюх кнiг яднае яшчэ й тое, што яны перадусiм аматары: Целеш — мастак, Скрабатун — архiтэктар. Тое, што апынулася не пад сiлу дзяржаве, зьдзейсьнiлi сабе ў асалоду апантаныя ўласным хобi людзi. На гэтым падабенства й сканчаецца. Аўтар «Глыбокага...» узяў сабе за мэту таксама распавесьцi гiсторыю мястэчка, напоўнiць яе людзкiм зьместам. У.Скрабатун прыцягвае шмат дакумэнтальных сьведчаньняў, што ўжо засталiся вядомымi толькi хiба самому аўтару. У вынiку кнiга ўяўляе сабою мiнi-энцыкляпэдыю глыбоцкае мiнуўшчыны. У першую чаргу гэта тычыцца гiсторыi архiтэктуры. I яшчэ: новая кнiга выдадзеная не дзяржаваю, а грамадзкай арганiзацыяй (БГФ «Наша Нiва»).

Паштоўка — значна больш, чым проста фота. Гэта палiграфiчны прадукт, разьлiчаны на тое, што багата людзей патрымаюць яго ў руках, напiшуць на iм колькi словаў, прадставяцца самi й назавуць адрас. А пасьля, сагрэтая цеплынёю чыiхсьцi рук, паштоўка патрапiць у далёкiя мясьцiны, гарады й краiны, распавёўшы iм пра места, зь якога была выпраўленая ў сьвет. Яе будуць ашчадна зьберагаць, шматкроць да яе дакранацца, згадваць, дзякуючы ёй, пра людзей. Што можа быць людчэйшага? Толькi хiба кнiга з дэдыкацыяй.

У кнiзе «Глыбокае на старых паштоўках» сабраны ўнiкальны iканаграфiчны матэрыял, часам невядомы раней нават навукоўцам. Аўтар зьбiраў яго на працягу двух дзясяткаў гадоў у Менску, Рызе, Варшаве, i, натуральна, у Глыбокiм. У кнiзе 60 iлюстрацыяў. Нават першае знаёмства зь iмi дае глебу для развагаў. За часамi расейскага, польскага ды нямецкага панаваньняў былi выдадзеныя дзясяткi паштовак зь вiдамi мястэчка й ягоных ваколiцаў, якiя, апроч утылiтарных функцыяў, мелiся пазнаёмiць з хараством гэтага кутка зямлi. За ўвесь жа савецкi час была выдадзеная толькi адна паштоўка — у 1987 годзе. Але нiбы наўмысна — безаблiчная, з выявамi пляцу Ленiна, дому Саветаў i помнiка савецкiм жаўнерам. Затое яна мела паталягiчна вялiкi наклад, непараўнальны з усiмi папярэднiмi: 10.500 асобнiкаў. Праўда, гэтая паштоўка была падпiсаная i па-беларуску. Беларускiя подпiсы мелi раней толькi дзьве з прадстаўленых у кнiзе паштовак. Абедзьве выйшлi ў часе апошняй вайны, за нямецкай акупацыяй.

Зрэшты, паштоўкi — толькi падстава пазнаёмiцца з помнiкамi й краявiдамi, гiсторыяй аднаго з самых адметных нашых мястэчак. У заключэньнi сваёй прадмовы, запрашаючы ахвочых да знаёмства й супрацоўнiцтва, Уладзiмер Скрабатун пiша: «Любая гiстарычная праца адлюстроўвае пагляд аўтара, ягоную iнтэрпрэтацыю тых цi iншых падзеяў. Часам сьведкам пэўнай падзеi быў толькi адзiн чалавек, i пацьвердзiць гэтыя факты ўжо немагчыма». Сапраўды, застаецца яшчэ шмат таямнiцаў у гiсторыi гэтага мястэчка на азёрах. Напрыклад, дзе, памiж Глыбокiм i Беразьвеччам, была каплiца Сьвятога Язэпа i як яна выглядала? Дзе былi й якiя былi дзесяць глыбоцкiх сынагогаў? Ужо забылася нават, дзе быў i як выглядаў тутэйшы мячэт, якi быў пастаўлены толькi ў 1931 годзе... Гэта значыць, што будуць яшчэ новыя кнiгi, бо перадусiм ёсьць чалавек, якi гатовы iх рабiць. Глыбокаму пашчасьцiла.

I яшчэ. За ўсе гады незалежнасьцi Беларусi ў Глыбокiм новых паштовак не выходзiла. Таму ў кнiзе няма нiводнае ўласна беларускае паштоўкi.

С.Х.


Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна