У чацьвер адбылася першая прэс‑канфэрэнцыя з нагоды правядзеньня ў кастрычніку эўрапейскага маршу «За свабоду». У аргкамітэт увайшлі ўсе суб’екты Палітрады апазыцыі, а таксама іншыя палітычныя сілы: Партыя БНФ, АГП, рух «За свабоду», БСДГ, БСДП, БСДП «НГ», ПКБ, «Малады фронт», БХД, «Хартыя‑97, «Вольная моладзь», Партыя прагрэсу і справядлівасьці, Эўрапейская кааліцыя, прадпрымальніцкія арганізацыі. Кіраўніком рабочага аргкамітэту стаў Віктар Івашкевіч (Партыя БНФ).

Плянуецца, што Эўрапейскі марш пройдзе ў другой палове кастрычніка. Дакладная дата пакуль не называецца, але ініцыятары найхутчэй схіляюцца да 21 кастрычніка (нядзеля). За мэты ў правядзеньні акцыі аргкамітэт ставіць дэманстрацыю эўрапейскага выбару беларускага грамадзтва і патрабаваньне выкананьня ад уладаў 12 рэкамэндацыяў Эўракамісіі. Арганізатары плянуюць, што на эўрапейскі марш зьбярэцца каля 20 тысяч чалавек.

Этапамі падрыхтоўкі да Эўрапейскага маршу стануць акцыі 3 і 27 ліпеня. На 27 ліпеня апазыцыя зьбіраецца падаць заяўку ў Менгарвыканкам на правядзеньне мітынгу і канцэрту на плошчы Бангалор. Што датычыць 3 ліпеня, то Віктар Івашкевіч заявіў: «Мы будзем заклікаць нашых прыхільнікаў удзельнічаць у сьвяткаваньні 3 ліпеня. Гэта будзе ўдзел у рамках афіцыйнага сьвяткаваньня. Нашы актывісты прыйдуць на канцэрты з партыйнымі і нацыянальнымі сьцягамі, там яны будуць праводзіць працу з насельніцтвам, пераконваць людзей у неабходнасьці эўрапейскага выбару Беларусі. Праца будзе праводзіцца ў выглядзе пэрсанальных гутарак, а таксама распаўсюджваньні друкаваных матэрыялаў».

У пачатку восені аргкамітэт па правядзеньні Эўрапейскага маршу плянуе ўключыць у свой склад цэлы шэраг VIP, каб зь іх дапамогай пашырыць колькасьць удзельнікаў акцыі. Аляксей Кавалец, які прадстаўляў на прэс‑канфэрэнцыі рух «За свабоду», паведаміў, што Аляксандар Мілінкевіч згодзен узначаліць канчатковы аргкамітэт па правядзеньні Эўрапейскага маршу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?